Адзін з вядучых сусьветных апэратараў сувязі гатовы інвэставаць у разьвіцьцё арганізацыяў электрасувязі Беларусі.

Нагадаем, што 14 лістапада Беларусь наведалі прадстаўнікі France Telecom Group, аднаго зь вядучых сусьветных апэратараў сувязі (ТМ orange). У часе сустрэчы зь кіраўніцтвам Мінсувязі вялося пра зацікаўленасьць FTG у інвэстыцыях у беларускі рынак. Пра канкрэтныя інтарэсы групы ў Беларусі наўпрост не паведамлялася. У часе сустрэчы пацьвердзілася зацікаўленасьць бакоў у прыцягненьні групы France Telecom у якасьці інвэстара да разьвіцьця арганізацыяў электрасувязі Беларусі.

У France Telecom Group «Нашай Ніве» не пракамэнтавалі акалічнасьці перамоваў, адзначыўшы, што камэнтар будзе магчымы толькі пасьля канкрэтных дзеяньняў бакоў — падпісаньня дамовы аб супрацоўніцтве ў пэўнай галіне.

Памочнік міністра сувязі Натальля Аляшкевіч паведаміла, што перамовы мелі папярэдні і агульны характар, пра канкрэтную сфэру зацікаўленасьці France Telecom Group пакуль не вялося.

France Telecom Group ‑‑ адзін з вядучых сусьветных апэратараў сувязі. Паводле стану на 30 чэрвеня 2007 г. ён абслугоўваў больш за 163 мільёнаў абанэнтаў на пяці кантынэнтах, з каторых дзьве трэція — пад брэндам Orange. Агульны аб’ём продажаў групы склаў 51,7 млрд эўра ў 2006 г. і 25,9 млрд эўра на 1 верасьня 2007 г. 30 чэрвеня 2007 г. група налічвала 102,5 млн абанэнтаў мабільнай сувязі і 10,5 млн карыстальнікаў ADSL.

Сямён Печанко

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0