Памочнік клецкага пракурора Валянціна Лябедзька адмяніла рашэньне ад 17 верасьня аб прыпыненьні крымінальнай справы да выдаўца бюлетэню «Бойкі Клецк».

На працягу году ў дачыненьні да старшыні клецкай суполкі БНФ і выдаўца бюлетэню «Бойкі Клецк» Сяргея Панамарова чатыры разы распачыналі і прыпынялі крымінальную справу паводле ч.2 арт. 188 КК РБ (паклёп у друкаваных сродках). Нагодай для завядзеньня справы стала нататка ў «Бойкім Клецку» пра кіраўніка Клецкай юрыдычнай кансультацыі Натальлю Семашкевіч. Двойчы адмысловая экспэртыза не знаходзіла парушэньняў Крымінальнага кодэксу і справу прыпынялі за адсутнасьцю складу злачынства.

«Пяты раз пачынаецца гэты цырк» — кажа сп. Панамароў. Паводле яго словаў, на мінулым тыдні яго двойчы выклікалі на допыт, робячы гэта з парушэньнем закону — першы раз па тэлефоне, другім разам у позьве адсутнічалі пячатка і тлумачэньне ў якасьці каго ён выклікаецца на допыт.

«Я патлумачыў клецкаму сьледчаму А. Шышу, што зьяўлюся на допыт толькі разам з адвакатам і толькі пасьля таго, як будуць выкананыя ўсе неабходныя працэдуры» — распавёў С. Панамароў.

На допыце ён даведаўся пра ініцыятыву памочніка пракурора Валянціны Лябедзька і, спасылаючыся на арт.127 Канстытуцыі, адмовіўся адказваць на пытаньні сьледчага. Пытаньні былі тыя самыя, на якія клецкі актывіст адказваў цягам году ня раз. Ягоны адвакат Аляксандар Галіеў рыхтуе скаргу на дзеяньні Клецкай пракуратуры.

«Гэта ўсё праз маю газэтку — яна галоўная балячка мясцовых начальнікаў і асабіста кіраўніка Клецкага райвыканкаму» — патлумачыў цікавасьць да сваёй пэрсоны з боку міліцыі і пракуратуры Сяргей Панамароў.

Сямён Печанко

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру