posterЧАКЛУН І РУМБА (Чаклун и Румба)
Беларусь – Расея, 2007, каляровы, 85 хв.
Рэжысэр: Андрэй Голубеў
Ролі выконваюць: Андрэй Фядорцаў, Вольга Рэпух, Аляксей Шадзько, Ігар Васільеў, Юлія Палубінская, Андрэй Голубеў, Аляксандар Кашпераў, Мікалай Чындзяйкін, Уладзімер Мішанчук, Зоя Белахвосьцік
Жанр: Вайсковы “напарніцкі” фільм паводле кінааповесьці Яўгена Анапрыенкі
Фэсты: Прэм'ера на МКФ "Лістапад"
Адзнака: 2 (з 10)

Сапёр Чаклун і ягоная аўчарка Румба змагаюцца з ворагам на вайне…

Танныя вайсковыя дэкарацыі, безнадзейна састарэлы сюжэт, эксгумаваны з часопіса “Кінасцэнарыі” 20-гадовай даўніны, радыёрупар са сталёвым маскоўскім голасам – і яшчэ адна стужка на кінасьметніцы.

Дэбютная карціна Андрэя Голубева “Чаклун і Румба” – гэта “Выратаваньне жаўнера Раяна”, зьнятае цьвёрдай рукой Эда Вуда. Але “найгоршы рэжысэр усіх часоў” кусаў бы локці ад зайздрасьці. У беларускай стужцы памерлыя дрыгаюцца ў такт кардонавым дэкарацыям, заліты крывёю хірург вядзе філязофскія гутаркі, у сувязістак абавязковыя голыя ножкі, а апэратар так здымае галоўную прыгажуню – што бачныя ўсе прышчы й зморшчынкі, пісягі пад вачыма памерам з талерку, а твар сінюшны-сінюшны…

Да таго ж Чаклун упрыгожвае любую аўчарку галінкамі (!), купаецца з маладзенькім жаўнерам... Гендэрныя дасьледчыцы ЭГУ мусяць захлынуцца ад шчасьця, але Андрэй Голубеў проста кіруецца каляніяльнай лініі. Фільмы Беларусі павінны быць благімі і правінцыйнымі. Яшчэ ў дыплёме “Казанова”, які ня быў такім кепскім, галоўныя героі – жаўнеры, мясцовыя жыхары – так, дзеля экзотыкі.

У “Чаклуне і Румбе” – галоўная роля – актору расейскаму, беларускія выканаўцы Зоя Белахвосьцік і Ўладзімер Мішанчук – на эпізодах. Хрыпіць і давіцца радыёрупар: “Гаворыць Масква! Гаворыць…”

Кашляе недаробленая да прэм’еры стужка, нясуць штрафбатаўцы дамавіны-лодкі, крычаць ад шчасьця падстрэленыя.

Хачу гэтую трэшуху сабе ў калекцыю!

Ды толькі каму гэтае дабро трэба?

Кінатэрміны

Кінападзеі

Усе фільмы

Кінатворцы

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру