Навальнічныя дажджы і тэмпературныя кантрасты чакаюцца на тэрыторыі Беларусі на гэтым тыдні, паведаміла галоўны сіноптык Рэспубліканскага гідраметэацэнтра Людміла Парашчук.

У бліжэйшыя суткі ўмовы надвор'я на тэрыторыі краіны пачне фарміраваць атмасферны фронт з суседняй Польшчы. Ноччу па захадзе, раніцай і днём на большай частцы Беларусі пройдуць навальнічныя дажджы, месцамі не выключаны моцныя залевы. Днём у асобных раёнах магчымы град. Пры навальніцах месцамі прагназуецца шквалістае ўзмацненне ветру з парывамі да 15-20 метраў у секунду. Тэмпература паветра ноччу складзе плюс 14-20 градусаў, у дзённы час чакаецца ад плюс 21 па захадзе да 32 градусаў цяпла па ўсходзе краіны.

«Атмасферны ціск 13 жніўня павысіцца, кароткачасовыя дажджы з навальніцамі пройдуць толькі месцамі», - дадала Людміла Парашчук.

Тэмпература паветра ў начны час складзе 12-19 градусаў вышэй за нуль, днём - ад 22 да 28 градусаў са знакам плюс.

«Актыўны атмасферны фронт паўднёва-заходніх рэгіёнаў Еўропы прынясе ў чацвер у Беларусь дажджы і вялікія тэмпературныя кантрасты», - сказала галоўны сіноптык.

Навальнічныя дажджы рознай інтэнсіўнасці пройдуць на значнай частцы тэрыторыі рэспублікі, месцамі прагназуюцца моцныя дажджы і навальніцы. У дзённы час месцамі магчымы град. Чакаецца ўзмацненне ветру з парывамі да 15-20 метраў у секунду. Тэмпература паветра ноччу складзе плюс 14-20 градусаў, днём будзе ад 22 да 29 градусаў цяпла (у час дажджоў - каля плюс 20 градусаў). Усё яшчэ гарачым будзе надвор'е ў паўднёва-ўсходніх раёнах, дзе прагназуецца ад 30 да 34 градусаў са знакам плюс.

У пятніцу франтальны раздзел пакіне тэрыторыю Беларусі.

Кароткачасовыя дажджы чакаюцца толькі ў асобных раёнах. Тэмпература паветра ноччу складзе плюс 10-17 градусаў, днём - ад 20 да 27 градусаў цяпла, па паўднёвым усходзе ноччу прагназуецца плюс 18-20 градусаў, днём - ад 28 да 30 са знакам плюс. У нізкіх месцах і паблізу вадаёмаў могуць згушчацца непрацяглыя туманы.

«На будучых выхадных заходнія вятры прынясуць на тэрыторыю Беларусі больш свежыя паветраныя масы з поўдня Балтыйскага мора», - сказала Людміла Парашчук.

Паўсюдна ўсталюецца тыповае жнівеньскае надвор'е. Тэмпература паветра ноччу складзе плюс 9-16 градусаў, днём чакаецца ад 20 да 27 градусаў цяпла. Месцамі будуць ісці кароткачасовыя дажджы, грымець навальніцы. Ноччу і раніцай у асобных раёнах магчымы туман.-

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?