Мікола Статкевіч раскручвае ідэю Кангрэсу праэўрапейскіх сілаў. Прычым робіць гэта ў палемічнай манэры.

© Paul Cowan

"Мабыць, адзінства апазыцыі — гэта сродак, а ня мэта, — заяўляе палітык. — Гэта павінна быць сродкам для перамогі. Але калі гэтая дастаткова штучная кааліцыя, аб'яднаньне супрацьлеглых — па ідэалёгіі, па геапалітычнаму выбару — палітычных сілаў замінае нам рухацца наперад, то, магчыма, нам трэба адмовіцца ад гэтага аб'яднаньня альбо зрабіць яго больш мяккім?.. Апазыцыю трэба зьяднаць з пасьпяховым праектам. Калі гэтаму замінае жаданьне камуністаў падабацца любімай Маскве, то на халеру тады патрэбна такая кааліцыя?".

Можа, Статкевіч вырашыў узяць рэванш за травеньскі Кангрэс дэмакратычных сілаў, дзе апынуўся ў меншыні? Мо' ягоная ініцыятыва ставіць на мэце пахіснуць пазыцыі калякінцаў на левым фланзе?

Палітычны аглядальнік Паўлюк Быкоўскі, зь якім мы сёньня абмяркоўвалі гэтую тэму, лічыць, што рэч тут не ў раскольніцкіх памкненьнях. Зь ягоных слоў, Міколу Статкевічу пасьля двух гадоў у ролі палітвязьня трэба напрацоўваць імідж і пашыраць сваю нішу. Шанцы на рэгістрацыю ягонай партыі нулявыя. А на хвалі новай ініцыятывы можна эфэктна ўвайсьці ў парлямэнцкую кампанію.

Зрэшты, прасоўваньне эўрапейскай ідэі — сапраўды праблема, над якой варта падыскутаваць. Сацыялёгія сьведчыць, што энтузіястаў ўваходжаньня ў Эўразьвяз сярод шырокага электарату апошнім часам нават паменела, а расьце доля так званых ізаляцыяністаў.

Канешне, ад эўрапейскага дабрабыту ніхто б не адмовіўся. Але выглядае на тое, што маса проста ня верыць у дасягальнасьць тога раю. "Ня ў гэтым жыцьці!".

Як ні парадаксальна, але ключы ад Эўропы фактычна ў руках Аляксандра Лукашэнкі. Адным росчыркам пяра ён мог бы зрабіць тое, на што ня здольныя ўсе кангрэсы разам узятыя.

Зараз беларускія палітолягі сталі казаць, што выкананьне рэкамэндацый Эўразьвязу магло б стаць самым пасьпяховым эканамічным праектам афіцыйнага Менску. Улучэньне ў выгадныя праекты ЭЗ, прыток інвэстыцыяў і г.д. — усё гэта здольнае даць кумулятыўны эфэкт.

Каталізатарам можа стаць выкананьне нават адной умовы — вызваленьне "палітычных". Але ж тут і загваздка!

Паводле юрыста Гары Паганяйлы, пад амністыю, закон аб якой толькі што падпісаны, гэтыя людзі не падпадаюць. Аднак можа быць і нейкае эксклюзыўнае рашэньне найвышэйшай службовай асобы.

Гэта той выпадак, калі, мяркую, усе праваабаронцы з задавальненьнем заплюшчылі б вочы на фармальнасьці…

Але… Вы так добра ведаеце нюансы гэтага "але", што ня варта і расшыфроўваць.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру