Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ №402 «Аб мерах па забеспячэнні рэжыму надзвычайнага становішча», паведамляе яго прэс-служба.
Дакумент распрацаваны ў мэтах рэалізацыі артыкула 18 Закона «Аб надзвычайным становішчы» і вызначае парадак арганізацыі і дзейнасці камендатуры тэрыторыі, на якой уведзена надзвычайнае становішча, у выпадку яе стварэння.
Указам вызначаны парадак стварэння і спынення дзейнасці камендатуры, яе асноўныя задачы і функцыі, правы і абавязкі службовых асоб.
Дадзены орган утвараецца для забеспячэння выканання паўнамоцтваў каменданта тэрыторыі, на якой уведзена надзвычайнае становішча, а ён, у сваю чаргу, прызначаецца для ажыццяўлення адзінага кіравання сіламі і сродкамі, якія забяспечваюць рэжым надзвычайнага становішча.
На сёння прыняцце гэтага Указа як ніколі актуальна, адзначае прэс-служба. — Гэта абумоўлена, у першую чаргу, тым, што экстрэмальныя з'явы надвор'я, якія выклікаюць маштабныя крызісныя сітуацыі, на жаль, адбываюцца паўсюдна і ўсё часцей.
Як паказвае замежная практыка, большасць выпадкаў ўвядзення надзвычайнага становішча за мяжой абумоўлена менавіта неабходнасцю мінімізацыі наступстваў стыхіі і забеспячэння абароны жыцця, здароўя і ўласнасці грамадзян на пацярпелых тэрыторыях. І менавіта на камендатуру ўскладзены паўнамоцтвы па арганізацыі ў крызіснай сітуацыі ліквідацыі абставін, якія паслужылі падставай для ўвядзення надзвычайнага становішча, гарантавання бяспекі жыцця і здароўя людзей.
У цэлым прыняцце гэтага Указа будзе садзейнічаць павышэнню эфектыўнасці каардынацыі дзеянняў дзяржаўных органаў ва ўмовах надзвычайнага становішча.