Аператар «МТС» абнаўляе базавыя станцыі ў Мінскім метрапалітэне, у выніку чаго абаненты змогуць лепш чуць адзін аднаго без пабочнага шуму, а таксама карыстацца 3G на ўсіх станцыях сталічнай падземкі. 

Як паведамілі ў прэс-службе «МТС», ключавая перавага, якую атрымаюць абаненты аператара ў выніку мадэрнізацыі, гэта магчымасць тэлефанаваць у фармаце HD Voice. Тэхналогія высокага распазнавання голасу кардынальна змяняе якасць зносін: ачышчае гаворку абанента ад перашкод, паляпшае разборлівасць, выразнасць, перадае індывідуальныя адценні тэмбру суразмоўцы, прыбірае пабочныя шумы, што асабліва актуальна для метро. «МТС» пакуль адзіны беларускі аператар, які ўкараніў гэту тэхналогію ў сваёй сетцы. 

Работы ўжо пачаліся на Аўтазаводскай лініі метро: гэтымі днямі абсталяванне ўстанаўліваецца на станцыях «Няміга», «Купалаўская» і «Першамайская». Да канца жніўня праект па абнаўленні сеткі ў метро будзе завершаны на ўсіх станцыях.

У «МТС» адзначаюць, што з надыходам восені нагрузка на сталічны метрапалітэн чакана ўзрасце, а гэта значыць, што яшчэ больш пасажыраў заўважаць паляпшэнні. 

«Паслугі мабільнага інтэрнэту сёння настолькі запатрабаваныя, што абаненты не гатовыя адмовіцца ад іх нават у метро. Таму для актыўных карыстальнікаў смартфонаў мы паскараем мабільны інтэрнэт, а таксама ўключаем тэхналогію HD Voice, якая найболей аптымальная для гутарак у шумных памяшканнях. Варта адзначыць, што яшчэ год таму сітуацыя кардынальна адрознівалася: інтэрнэт у метро выкарыстоўваўся галоўным чынам на канцавых станцыях, дзе час чакання звычайна большы, чым на транзітных прыпынках. Але менавіта за апошні год колькасць смартфонаў у беларусаў прыкметна павялічылася. Як вынік — павялічыўся попыт на мабільны інтэрнэт, у тым ліку ў падземцы», — пракаментаваў кіраўнік камерцыйнага дэпартамента «МТС» Яўген Бранцаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?