Эўрапейскія спажыўцы павінны быць гатовыя да таго, што ў сувязі з ростам цэн на нафту ў наступным годзе тарыфы на газ вырастуць на 17% і дасягнуць новых рэкордных адзнак, папярэдзіў намесьнік кіраўніка «Газпрома».

Аляксандар Мядзьведзеў (Медведев), намесьнік старшыні управы «Газпрома», заявіў, што паводле ягоных прагнозаў, цана на газ, які пастаўляецца ў Заходнюю Эўропу, узьнімецца да 300‑350 даляраў за тысячу кубамэтраў, бо ў кантрактах гэты паказьнік зьвязаны з расцэнкамі на нафтапрадукты, напрыклад, на топачны мазут.

Ён дадаў, што любое павышэньне цэнаў на туркмэнскі газ у поўнай меры адаб’ецца на ўкраінскіх спажыўцах.

Учора ўвечары «Газпром» аб’явіў пра тое, што з Туркмэніяй дасягнутае пагадненьне пра рэзкае павышэньне цэнаў. Расейская дзяржаўная кампанія ў першай палове наступнага году будзе плаціць 130 даляраў за тысячу кубамэтраў, а ў другой — 150 даляраў супраць 100 даляраў сёлета. А з студзеня 2009 году «Газпром» пяройдзе на формулу цаны, «заснаваную на рынкавых прынцыпах».

Мядзьведзеў абвергнуў цьверджаньні, што «Газпром» маніпулюе цэнамі ў Заходняй Эўропе, і заявіў, што павышэньне цэнаў ёсьць вынікам дзеяньня формулы цаны.

«Цэны на газ больш прадказальныя і менш зьменлівыя, чым цэны на нафту, — сказаў ён. — Згодна з ацэнкамі па канкурэнтных прадуктах… сярэдняя цана паставак у Заходнюю Эўропу можа дасягнуць 300‑350 даляраў за тысячу кубамэтраў. Так ці інакш, гэта ні ў якім разе ня стане вынікам якіх‑кольвек маніпуляцый».

Кошт газу ў кантынэнтальнай Эўропе падымецца на новыя вышыні. Зрэшты, і цяперашнія цэны — каля 300 даляраў за тысячу кубамэтраў — ёсьць рэкорднымі.

Старшыня Heren Energy Патрык Хэрэн заявіў, што завязаныя на нафту газавыя кантракты зьяўляюцца вынікам адсутнасьці канкурэнцыі на газавым рынку кантынэнтальнай Эўропы.

«У Эўропе не існуе дэфіцыту газу, няма ніякай сувязі між прапановай, попытам і цаной, — сказаў ён. — Такая сыстэма склалася з‑за таго, што ў нас у Эўропе фактычна няма рынку канкурэнцыі, і гэта ідзе на карысьць пастаўшчыкам».

Мядзьведзеў сказаў, што «спадзяецца» дасягнуць пагадненьня з Украінай наконт формулы цэнаўтварэньня, якая выкарыстоўваецца для разьліку цэнаў на газ з азіяцкіх рэспублік, але дадаў, што згодна з транзытнымі дамовамі, якія з 2011 году прадугледжваюць пераход на газазабесьпячэньне Ўкраіны па рынкавых тарыфах, любое павышэньне закупачных цэн для «Газпрома» будзе перакладацца на спажыўца.

«Адзінае, што я магу вам сказаць: «Газпром» не гатовы ўзяць на сябе ўсе цэнавыя рызыкі, зьвязаныя з закупкамі, якія мы робім у сярэднеазіяцкіх рэспубліках, — сказаў Мядзьведзеў. — Мы не некамэрцыйная, не дабрачынная арганізацыя. У нас ёсьць абавязальніцтвы перад нашымі акцыянэрамі».

Апроч таго, намесьнік старшыні ўправы «Газпрома» крытычна адгукнуўся на спробы заблякаваць будаўніцтва газаправоду Nord Stream, які мусіць прайсьці па дне Балтыйскага мора й зьвязаць Расею зь Нямеччынай.

«Калі хто‑небудзь па нейкіх палітычных матывах гатовы ўзяць на сябе такую адказнасьць і перакрыць галіну прапускной здольнасьцю 55 млрд кубамэтраў, якая зьвязвае нас з Эўропай, тады, я думаю, яму давядзецца адказаць і за недахоп сыравіны ў гэтым рэгіёне», — сказаў ён.

InoPressa.ru з спасылкай на Financial Times

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0