На сёння сітуацыя з абраннем адзінага кандыдата ў прэзідэнты ад апазіцыі на выбарах 2015 года знаходзіцца «ў падвешаным, замарожаным стане», паведаміў першы намеснік старшыні руху «За Свабоду» Юрый Губарэвіч. 

«Тут можна спаслацца на перыяд летніх адпачынкаў і агульнае зніжэнне палітычнай актыўнасці. Думаю, восенню тэмп перамоў паскорыцца», — сказаў ён. 

Губарэвіч адзначыў, што рух «За Свабоду» застаецца «ў працэсе перамоў з іншымі дэмакратычнымі сіламі, разглядае розныя варыянты ўдзелу ў прэзідэнцкіх выбарах». 

Паводле яго слоў, удзельнікі пасяджэнняў «сямёркі» палітычных партый і арганізацый (акрамя руху «За Свабоду» гэта Беларуская партыя левых «Справядлівы свет», Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), кампанія «Гавары праўду», Аб'яднаная грамадзянская партыя, аргкамітэт па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», Партыя БНФ) разглядаюць працэдуру правядзення кангрэса дэмакратычных сіл і вылучэння адзінага кандыдата. 

Губарэвіч таксама паведаміў, што пазіцыя руху «Гавары праўду» «застаецца нязменнай». «Мы лічым, што не так істотна, якой будзе асоба кандыдата, колькі пасланне, з якім ён пойдзе да грамадства, яго патэнцыял і магчымасці аб'яднаць большасць тых, хто разумее неабходнасць перамен у краіне. Таксама нам важная выразная пазіцыя адзінага кандыдата па геапалітычным выбары Беларусі: куды мы пойдзем, на якія краіны будзем арыентаваць. Для нас тут вельмі важны еўрапейскі выбар Беларусі», — сказаў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?