Кіраўнік Украіны доўгі час сябруе з Расіяй. А потым вырашае змяніць палітычнага саюзніка і пераарыентавацца на Захад. У адказ Масква аб’яўляе яго здраднікам. Кіраўнік Рускай праваслаўнай царквы праклінае яго. А расійскія войскі ўваходзяць ва ўкраінскую сталіцу. Гаворка пра падзеі ХVІІІ стагоддзя, калі гетман Запарожскага войска Іван Мазепа перайшоў на бок шведскага караля Карла ХІІ.

Для Расіі Мазепа здраднік. Для Украіны — герой, бо прагнуў вызвалення з-пад расійскага ярма. Ягоная выява ёсць нават на грошах.

Сюжэт, звязаны з учынкам Мазепы, яшчэ ў ХІХ стагоддзі натхніў двух расійскіх творцаў. Аляксандр Пушкін напісаў паэму «Палтава», Пётр Чайкоўскі — оперу «Мазепа». Пры іх напісанні яны кіраваліся расійскім поглядам на гісторыю. Таму Мазепа паўстае ў творах здраднікам.

3 верасня 2014 года ў Вялікай канцэртнай зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі (праспект Незалежнасці, 50) адбудзецца адкрыццё 87 канцэртнага сезона.

З удзелам Дзяржаўнага сімфанічнага аркестра (дырыжор Аляксандр Анісімаў) адбудзецца выкананне кампазіцыі, створанай на аснове «Палтавы» і «Мазепы».

Такім чынам, Анісімаў выбраў расійскую версію гісторыі.

Тэкст пушкінскай «Палтавы» будзе чытаць расійскі акцёр Андрэй Мярзлікін. Ён некалькі разоў здымаўся ў фільмах, звязаных з Беларуссю («Franz + Polina» паводле аповесці Алеся Адамовіча «Нямы», «Брэсцкая крэпасць», «Белыя Росы. Вяртанне»). Партыю Марыі Качубей выконвае расійская спявачка Ірына Крыкунова, Мазепы — яе суайчыннік Васіль Святкін. А вось партыю Андрэя, які кахае Марыю, будзе спяваць украінец Віктар Луцюк.

Цікава, што сярод дзейных асобаў ёсць і беларус. Піліп Орлік (яго партыю выконвае Віталь Запекін) нарадзіўся на тэрыторыі сучаснага Вілейскага раёна.

Галоўны паплечнік Мазепы, ён уклаў «Канстытуцыю Піліпа Орліка», адну з першых у свеце, вельмі дэмакратычную. Ва Украіне лічыцца нацыянальным героем.

А для Расіі ён яшчэ адзін здраднік. Таму не дзіўна, што ў оперы Чайкоўскага Орлік ператварыўся ў ката.

Таксама ў праграме прагучаць сімфанічная рапсодыя для аркестра «Тарас Бульба» (аўтар — чэшскі кампазітар Леаш Яначак) і твор сучаснага беларускага кампазітара Галіны Гарэлавай «Жарсці па Марку», прысвечаны Марку Шагалу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?