З сакавіка гэтага года ў прыгранічных пунктах пропуску было выяўлена 17 чалавек з павышанай тэмпературай цела. Аб гэтым паведаміў начальнік аддзела гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Міністэрства аховы здароўя Юрый Фёдараў.

Нагадаем, з сакавіка ў Беларусі дзейнічае санітарна-эпідэміялагічны кантроль для прадухілення ўвозу ў краіну інфекцыйных захворванняў, у тым ліку ліхаманкі Эбола. 

Як адзначыў Фёдараў, у аэрапортах, чыгуначных і аўтамабільных пунктах пропуску выкарыстоўваюцца прыборы дыстанцыйнага кантролю тэмпературы цела (цеплавізары), якія дазваляюць выдзеліць з патоку пасажыраў чалавека з павышанай тэмпературай цела.

«З сакавіка па 1 жніўня праз такі кантроль ва ўсіх пунктах пропуску прайшло 4,5 млн. чалавек. Выяўлена 17 чалавек з павышанай тэмпературай, але пры апытанні было ўстаноўлена, што гэта не звязана з ліхаманкай Эбола», — расказаў спецыяліст.

Ён падкрэсліў, што павышэнне тэмпературы ў выяўленых выпадках было звязана з прастудай, грыпам і кішачнымі інфекцыямі пасажыраў.

Паводле слоў прадстаўніка Міністэрства аховы здароўя, у аэрапортах цеплавізарам ахоплены ўвесь паток пасажыраў, якія прыбываюць, у той час як у аўтамабільных пунктах пропуску выкарыстоўваюцца пераносныя цеплавізары і толькі ў тым выпадку, калі ў транспартным сродку едуць пасажыры са скаргамі на недамаганне або грамадзяне, якія наведвалі краіны, дзе зарэгістраваны выпадкі ліхаманкі Эбола. «Людзей з тэмпературай просяць прайсці на медагляд, з імі размаўляюць, збіраюць анамнез», — расказаў Фёдараў.

На чыгунцы за станам здароўя пасажыраў сочаць праваднікі, якія ў выпадку падазрэнняў на небяспечнае захворванне могуць паведаміць аб гэтым на найбліжэйшую станцыю па ходу руху цягніка, адзначыў спецыяліст. Акрамя таго, візуальную ацэнку стану здароўя грамадзян, якія прыбываюць у Беларусь, праводзяць памежнікі.

Як падкрэсліў Фёдараў, Беларусь мае нізкую рызыку пранікнення і распаўсюджвання вірусу Эбола, бо ў краіне непадыходзячыя кліматычныя ўмовы і адсутнічаюць асноўныя пераносчыкі захворвання — некаторыя віды распаўсюджаных у Афрыцы кажаноў і малпаў. «Таму ўсе меры накіраваны на прафілактыку завозу і распаўсюджвання», — сказаў прадстаўнік Міністэрства аховы здароўя.

Для прафілактыкі захворвання ён рэкамендаваў у першую чаргу выконваць правілы асабістай гігіены: мыць рукі перад ежай, не ўжываць ежу і ваду невядомага паходжання, а ў выпадку падазрэння на захворванне неадкладна звяртацца да ўрача. 

Паводле звестак Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, вірус ужо забраў жыцці больш чым тысячы чалавек, а ўсяго зарэгістравана больш як 1.800 выпадкаў захворвання ў Гвінеі, Ліберыі, Сьера-Леоне і Нігерыі. 12 жніўня ў мадрыдскім шпіталі ад ліхаманкі Эбола памёр 75-гадовы іспанскі святар Мігель Пахарэс, які заразіўся ў Ліберыі і быў перавезены ў Іспанію для інтэнсіўнага лячэння.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?