Аляксандр Лукашэнка 13 жніўня зноў абмеркаваў з Уладзімірам Пуціным і Нурсултанам Назарбаевым ініцыятыву сустрэчы прэзідэнтаў Беларусі, Казахстана, Расіі і Украіны. Тэлефонная размова Лукашэнкі і Пуціна сёння адбылася двойчы, паведамляе прэс-служба кіраўніка беларускай дзяржавы.

«Прэзідэнты Беларусі і Расіі глыбока абмеркавалі функцыянаванне Еўразійскага эканамічнага саюза ва ўмовах увядзення Расійскай Федэрацыяй эмбарга на шэраг катэгорый замежнай прадукцыі і звязаныя з гэтым пытанні транзіту забароненага грузу па Беларусі», — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы.

Пільную ўвагу Лукашэнка і Пуцін надалі таксама сітуацыі ва Украіне ў сувязі з падпісаннем ёю пагаднення аб асацыяцыі з Еўрапейскім саюзам і забаронай на ўвоз асобных тавараў з Украіны ў Расійскую Федэрацыю.

Прэзідэнт Расіі падрабязна праінфармаваў Аляксандра Лукашэнку аб праблемах, што ўзніклі з дастаўкай гуманітарнага грузу насельніцтву, якое жыве на ўкраінскіх тэрыторыях, дзе вядуцца баявыя дзеянні.

«Адной з цэнтральных тэм у чарговы раз стала ініцыятыва аб правядзенні сустрэчы прэзідэнтаў Беларусі, Казахстана, Расіі, Украіны. Прэзідэнт Беларусі даўно прапанаваў правесці яе ў Мінску, каб абмеркаваць тыя праблемы, якія могуць узнікнуць ва Украіны з Мытным саюзам у сувязі з падпісаннем пагаднення аб асацыяцыі з ЕС і працягам там канфрантацыі. Аб прапрацоўцы такой ідэі Аляксандр Лукашэнка ўпершыню публічна заявіў на сустрэчы з лідарамі кампартый Расіі і Украіны Генадзем Зюганавым і Пятром Сіманенкам», — адзначае прэс-служба.

Да пытання правядзення такое сустрэчы кіраўнікі дзяржаў звяртаюцца ўжо не першы раз. Абмяркоўваючы яе магчымы фармат, прэзідэнты Беларусі і Расіі падкрэслілі, што ў ёй могуць удзельнічаць і іншыя зацікаўленыя бакі.

Паводле інфармацыі прэс-службы беларускага кіраўніка, тэма будучай сустрэчы стала таксама прадметам абмеркавання ў тэлефоннай размове Аляксандра Лукашэнкі і прэзідэнта Казахстана Нурсултана Назарбаева, якая таксама адбылася сёння.

Лукашэнка праінфармаваў сваіх калег аб праведзенай напярэдадні позна вечарам тэлефоннай размове з прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам. Акрамя пытанняў двухбаковага супрацоўніцтва, прэзідэнты Беларусі і Украіны абмеркавалі ўзаемаадносіны Украіны з Мытным саюзам і магчымы фармат, а таксама месца правядзення сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў Беларусі, Казахстана, Расіі, Украіны.

«У ходзе перамоў прэзідэнты дамовіліся прадоўжыць актыўныя кантакты па пазначаных актуальных пытаннях», — паведамляе прэс-служба кіраўніка беларускай дзяржавы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?