Сёньня ў Менску прайшоў круглы стол «Свабода сумленьня і веравызнаньня ў Беларусі». У яго працы ўзялі ўдзел лідэр руху «За свабоду» Аляксандар Мілінкевіч, старшыня БСДП (НГ) Мікола Статкевіч, Павал Севярынец і Аляксей Шэін, вернікі і сьвятары, а таксама заходнія дыпляматы.

Ва ўступным слове А.Мілінкевіч адзначыў, што рэлігійная талерантнасьць была заўсёды ўласьцівая беларускаму народу і нельга, каб гэта рыса мэнталітэту зьнікла. Экс-кандыдат у прэзыдэнты лічыць, што свабода сумленьня — гэта адзін з найважнейшых чыньнікаў нацыянальнага Адраджэньня, а маральнасьці і духоўнасьць грамадзтва не зьявіцца без адраджэньня веры.

Праваабаронца М.Савушкіна ў сваім выступе прывяла прыклады парушэньня правоў вернікаў і сьвятароў за апошнія гады. Успаміналася леташняя галадоўка‑пост вернікаў царквы «Новае жыцьцё», дэпартацыя з краіны пратэстанцкага пастара Яраслава Лукасіка, арышт на трое сутак сьвятара царквы «Ян Прадвесьнік» Антонія Бокуна, барацьба за касьцёл Сьвятога Язэпа.

Напрыканцы круглага стала яго ўдзельнікі прынялі адкрыты зварот да прадстаўнікоў заканадаўчай і выканаўчай улады. У звароце патрабуецца прывесьці ў адпаведнасьць з нормамі Канстытуцыі «Закон аб свабодзе сумленьня». Вернікі патрабуюць не абмяжоўваць дзейнасьць рэлігійных суполак і рэлігійных сходаў, спыніць практыку ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы рэлігійных арганізацый і дэпартацыі сьвятароў і царкоўных служак.

Зьміцер Панкавец


Журналіст Марыя Савушкіна

Юрыст царквы "Новае жыцьцё" Сяргей Луканін

Аляксей Шэін, Павал Севярынец, Мікола Статкевіч, Сяргей Луканін

Пратэстанцкі дзеяч Георгі Вязоўскі

Фота Андрэя Лянкевіча

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0