Як паведамілі ў Дэпартаменце фінансавых расследаванняў па Гомельскай вобласці, былі правераны аздараўляльныя лагеры. Выявілі шэраг парушэнняў.

Найбольш адзначыўся лагер «Чонкаўскі бор» у Гомельскім раёне. Шэф-повар разам з іншымі работнікамі кухні за два дні «сэканоміў» прадуктаў на 4 мільёны рублёў.

У першы дзень праверкі ў пакоі суткавага запасу прадуктаў сталоўкі (у 15.00 тут павінны былі застацца толькі прадукты на падвячорак і вячэру) кантралёры выявілі лішкі на 500 тысяч рублёў.

Нічыйнымі аказаліся 20 пакетаў малака, 14 пачкаў паніровачных сухароў, 1 кг зефіру, 2 пачкі аўсяных камякоў, 4 слоікі павідла, 1 слоік кансерваваных агуркоў.

Прадукты аформілі на склад.

Але кантралёры вярнуліся на наступны дзень з новай праверкай.

Вынік быў шакуючы — шэф-повар «сэканоміў» у 7 разоў больш: 20 кг свініны, 10 кг памідораў, 3 кг агуркоў, 35 пачкаў сметанковага масла, 30 пакетаў малака, 4 кг рыбы, грэчка, ячныя крупы, чай, кава, цукар на суму 3,5 мільёны рублёў.

Прадукты былі расфасаваныя па асобных скрынках.

Лабараторныя даследаванні пацвердзілі, што дзецям у лагеры ў ежу не дакладалі прадукты. І порцыі былі меншыя на 15-20 працэнтаў.

Справай займаюцца праваахоўнікі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?