Аляксандр Лукашэнка патрабуе паскорыць тэмпы меліярацыі зямель. Такую задачу ён паставіў сёння ў час рабочай паездкі па Гродзенскай вобласці.

«Будучы год павінен стаць пераломным па рабоце з зямлёй. Нам трэба звярнуць асаблівую ўвагу на меліярацыю зямель», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

«Меліярацыяй мы займаемся, але слаба. Трэба падвоіць, а можа і ўтроіць намаганні», — падкрэсліў Лукашэнка. Ён звярнуў увагу на тое, што ў свеце з году ў год будзе ўзрастаць патрэбнасць у прадуктах харчавання. На яго думку, у Беларусі створана магутная вытворчая база, якая дасць магчымасць атрымліваць высокі ўраджай, але пад гэта трэба шукаць зямельныя рэсурсы.

Лукашэнка нагадаў, што ў краіне нямала зрабілі па прывядзенні ў парадак машынных двароў, збожжатакоў, малочнатаварных, жывёлагадоўчых комплексаў, а таксама ў сацыяльнай сферы. «Цяпер трэба ўзяцца за зямлю, за інфраструктуру, за тое, за што павінна адказваць дзяржава, і меліярацыя - перш за ўсё», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

«Не трэба нам весці меліярацыю тымі тэмпамі, якія ў нас сёння ёсць. Мы навучыліся гэта рабіць, стварылі ў сябе практычна ўсю меліярацыйную тэхніку, таму трэба ўзмацняць работу ў гэтым напрамку», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Ён адзначыў, што чакае прапаноў ад віцэ-прэм'ера Міхаіла Русага і міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Леаніда Зайца.

Лукашэнка таксама адзначыў, што з борта верталёта параўнаў культуру земляробства ў розных рэгіёнах Беларусі. Паводле яго слоў, тут выгадна вылучаецца Гродзенская вобласць, астатнім рэгіёнам неабходна падцягвацца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?