Трагедыя беларускай вёскі праз драму адной дзяўчынкі зь вёскі Алекшыцы Лагойскага раёну.

Ірына Кужэльная зьнікла 23 лістапада. Сямігадовая дзяўчынка пасьля ўрокаў, каля 13.30, выйшла са школы, але дахаты так і не прыйшла. Адлегласьць ад школы, што ў вёсцы Бяларучы, да дому ў вёсцы Алекшыцы — кілямэтар. Маці надта не перажывала: «Яна доўга магла хадзіць пасьля ўрокаў — паўтары, дзьве гадзіны». Але Ірына не зьявілася і на наступны дзень. Вось ужо пятыя суткі ідуць пошукі. Міліцыянтам і вайскоўцам дапамагаюць мясцовыя жыхары, лесьнікі і паляўнічыя, школьнікі. Вадалазы безвынікова абсьледавалі дно возера ў Бяларучах. «Калі яна заблукала ў лесе — шанцаў, на жаль, ніякіх», — камэнтуе міліцыянт з пошукавай групы.

Бяларучы — вялікая і слаўная ў гісторыі вёска: у гэтай самай школе вучыўся Янка Купала. Сям’я Кужэльных тут нядаўна. «Яны за два месяцы двойчы пераехалі, а самі яны з Астрашыцкага Гарадку», — кажа аднавясковец. І дадае: «Нешчасьлівая сям’я».

Як распавялі карэспандэнту «НН» у пошукавым штабе, вэрсіі зьнікненьня школьніцы застаюцца ранейшымі — магчымасьць зьдзяйсьненьня ў дачыненьні да дзіцяці злачынства, дарожна-транспартнае здарэньне. Не выключаецца магчымасьць таго, што дзяўчынка сышла з дому: ёсьць сьведчаньні, што Ірына некалькі разоў казала пра гэта. Для гэтага ў яе былі нагоды, цьвердзіць міліцыянт: атмасфэра ў сям’і досыць напружаная.

Роднага бацькі ў Ірыны няма: ён чатыры гады як павесіўся. Са словаў міліцыянтаў, маці Ірыны часьцяком мяняла грамадзянскіх мужоў. Маці пайшла працаваць нядаўна, дагэтуль «сядзела ў мужыка на шыі» Цяперашні айчым працуе на рыбагаспадарцы, якраз калі прапала дзяўчынка ён быў у камандзіроўцы. Час ад часу ён, нібыта, расказваў аднавяскоўцам, што бачыў, як маці біла і «жартам» прыдушвала дачку. А ў той дзень сказала ёй дамоў не вяртацца. Як толькі айчым прыехаў, яго забралі ў міліцыю, але скора выпусьцілі — жалезнае алібі. «Мо яна сама дачку задушыла, а на яго хоча зьвярнуць», кажа выпадковы суразмоўца-аднавясковец. Маці дапытваюць кожны дзень. Яна то рагоча, то плача падчас размоваў з дазнавацелем.

Яшчэ ўдалося высьветліць, што ў той самы дзень людзі бачылі Ірыну побач зь невядомым мужчынам — менавіта «побач», а ня «разам»: яны проста ішлі ў адным накірунку. Аднак і гэта вэрсія адпрацоўваецца міліцыяй.

Інфармацыя пра зьніклую перададзеная ва ўсе падразьдзяленьні міліцыі, на чыгунку. Ірыну шукаюць таксама з дапамогай авіяцыі. Дзяўчынка аб’яўленая ў рэспубліканскі вышук, па факце яе зьнікненьня пачатая крымінальная справа.

На выгляд Ірына мае сем-восем гадоў, рост 130 —135 см, хударлявага целаскладу, валасы сьветлыя. Была апранута ў чорную шубу, чорная вязаную шапачку з аранжавым адваротам, сінія нагавіцы, фіялетавыя боты. Супрацоўнікі праваахоўных органаў просяць зьвязацца зь дзяжурным пошукавага штабу ўсіх, хто з 13-й па 15-ю гадзіну 23 лістапада знаходзіўся на маршруце, якім магла кіравацца са школы зьніклая дзяўчынка.

Яраслаў Сьцешык, Сямён Печанко


Фота Ірыны Кужэльнай. www.guvd.gov.by
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0