Па справе Віцебскай бройлернай птушкафабрыкі змешчаны пад варту сем чалавек. Такая інфармацыя абнародавана ў праграме «Панарама» тэлеканала «Беларусь 1» вечарам 19 жніўня. 

Пад вартай знаходзяцца генеральны дырэктар прадпрыемства, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Ганна Шарэйка, чатыры члены конкурснай камісіі і два кампаньёны-пастаўшчыкі. 

Крымінальная справа ў дачыненні да шэрагу службовых асоб ААТ «Віцебская бройлерная птушкафабрыка» па фактах злоўжывання імі службовымі паўнамоцтвамі была распачата Генеральнай пракуратурай у чэрвені гэтага года. Устаноўлена, што яны на працягу некалькіх гадоў, калі знаходзіліся ў складзе конкурснай камісіі, прымалі рашэнні пра закупцы кармоў і кармавых дабавак у замежнай камерцыйнай структуры па завышаных цэнах, што мела вынікам прычыненне птушкафабрыцы ўрону ў суме больш як 4 млрд рублёў, што з`яўляецца асабліва буйным памерам. 

Паводле даных Генпракуратуры, менавіта гендырэктар Ганна Шарэйка давала незаконныя ўказанні членам конкурснай камісіі аб прызнанні пераможцам конкурсу адной з замежных кампаній, з уладальнікам якой была ў сяброўскіх адносінах. 

У сувязі з тым што Шарэйка з`яўляецца членам Савета Рэспублікі, генеральным пракурорам на падставе дзейнага заканадаўства ў верхнюю палату была накіравана пастанова аб даванні згоды на ажыццяўленне яе крымінальнага пераследу. Такая згода была атрымана 14 жніўня, і ў гэты дзень Шарэйка была прызнана падазронай ва ўчыненні злачынства, прадугледжанага ч. 3 арт. 424 КК (злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі). З санкцыі Генеральнай пракуратуры 15 жніўня ў дачыненні да Шарэйкі прыменена мера стрымання ў выглядзе змяшчэння пад варту. 

Устаноўлена, што ў выніку незаконных дзеянняў Шарэйка ў кароткія тэрміны пабудавала дарагі катэдж плошчай 240 кв. метраў, набыла дарагую бытавую і электронную тэхніку, забяспечыла сабе матэрыяльны дабрабыт у будучыні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?