Айцец Сяргей Сурыновіч у Друі служыць са змяшанымі пачуццямі: ён вартаўнік вялікай спадчыны, але што ў будучыні?

Айцец Сяргей Сурыновіч ля дзвярэй касцёла ў Друі.

Суботняя імша ў касцёле сабрала 18 парафіянак. Мужчыны ніводнага.

На 100-годдзе па біскупу Сіповічу людзей з'ехалася больш.

Патроху рэстаўруюцца старыя гарэльефы.

Сяргей Сурыновіч удзяляе сакрамэнт камуніі падчас суботняй службы.

Айцец Сяргей Сурыновіч сыходзіць у скляпенні кляштара.

Сёстры-еўхарысткі выжылі ў Друі нават у савецкі час. Хаваліся, але служылі патаемна. І вось цяпер іх тут тры застаецца. Яны жывуць цераз дарогу ад касцёла.

Касцёл у Друі. Від з боку стромы наддзвінскай.

Званіца кляштара ў Друі.

Працы па рэстаўрацыі старажытнага будынка вядуцца ўжо не першы год.

Кандыдаты ў міністранты на ганку кляштара.

У кляштары.

У храме.

Жанчына набірае ваду з сажалкі, каб памыць падлогу ў кляштары.

На тэрыторыі касцёла ёсць сажалка з лілеямі.

Вежа касцёла ў Друі ліпеньскім ранкам.

Скульптура Марыі на цвінтары ў Друі ліпеньскім ранкам.

Ранак у Друі, ліпень 2014.

Буслянка на разбураным будынку ў Друі. Дом у далечыні — гэта ўжо тэрыторыя Латвіі.

Сяргей Сурыновіч ля кляштарных келляў.

У Друю прыязджаем пад 23-ю вечара. Каля кляштара нас сустракаюць айцец Сяргей Сурыновіч і ягоная аўчарка Абрэк. Пёс радасным скачком валіць мяне на зямлю.

Гаворка пра беларушчыну, лёсы Касцёла і касцёла доўжыцца за поўнач.

Друя не такая і вялікая, хоць і насычаная сэнсамі. За Дзвіной — ужо Латвія. Piedruja, а па-нашаму — Прыдруйск. Абапал мяжы жывуць такія ж беларусы.

У Друі дагэтуль суіснуюць каталікі, праваслаўныя і стараверы. Раней жылі яшчэ яўрэі, ад іх засталіся вялізныя могілкі і будынкі.

Але сапраўды асаблівае значэнне Друя мае ўсё ж для каталікоў. Тут быў вялікі кляштар — калісьці бернардынаў, а ў 1924—1938 у ім служылі марыяне. Гэта быў адзіны беларускамоўны каталіцкі асяродак у той час. Пакуль палякі не выслалі манахаў з памежнай зоны. Як ненадзейных — беларусы ж.

Цяпер святар у Друі адзін.

«Наша Ніва» ўпершыню пісала пра ксяндза Сяргея Сурыновіча 14 гадоў назад, калі ён служыў на Урале і марыў вярнуцца ў Беларусь.

У Расіі Сурыновіч адслужыў 6 гадоў. Спачатку як дыякан у Краснадары, дзе быў армянскі прыход. Пасля святаром у Пярмі. Прыход быў шматнацыянальны: рускія, палякі, літоўцы, латгальцы, беларусы. Вяртаўся ў Беларусь з Калінінградскай вобласці, дзе служыў у літоўскіх прыходах у самім Калінінградзе і Савецку (колішнім Тыльзіце, які ва ўсіх асацыюецца з часамі Напалеона).

Там, у Расеі, каталікоў адзінкі. Айцец Сяргей кажа, што праца там навучыла «індывідуальнаму падыходу да чалавека, да яго асобы, зацікаўленасцяў, поглядаў».

«Вярнуўшыся ў Беларусь, я год служыў у Віцебску», — расказвае Сурыновіч.

Пасля была Браслаўшчына — далёкая і прыгожая. У Слабодцы закасаў рукавы і заняўся справай аднаўлення касцёла. «Касцёл сустрэў мяне абдзертымі вежамі і польскай мовай. Цяпер касцёл беленькі і ў ім гучыць беларуская мова», — кажа ён.

Накіраванне ад Чарняўскага

У Друю пачаў даязджаць увосені 2012 года. Пра Друю ведаў з юнацтва. Калі ад’язджаў на вучобу ў піцерскую семінарыю, ён атрымаў накіраванне ад айца Уладзіслава Чарняўскага з Вішнева — таго самага, які ў савецкі час быў адзіным прынцыпова беларускамоўным каталіцкім святаром, астатнія па-польску служылі.

«Прыязджаў у Вішнева, ночыў у яго, слухаў яго, сачыў за яго працай з перакладамі».

Дык вось, Чарняўскі пра Друю і расказваў. У Друі прайшла ягоная маладосць — з 1934 года ён навучаўся ў гімназіі, якая месцілася ў кляштары.

«Я ўжо з Друі быў сведамым, — гэта з успамінаў Чарняўскага. — Як калом увагналі, калі ксяндзоў-беларусаў вывозілі [палякі], усё гэта я перажываў. Таму не трэба мне ні гаварыць, ні вучыць пра беларускасць».

«Гэтыя словы айца Чарняўскага і яго беларускасць засноўвалі і ўва мне падмурак на далейшае жыццё», — прызнае Сурыновіч.

«Першую ноч я не змог заснуць»

Прыход у Друі быў цалкам беларускі ад самага яго адраджэння ў пачатку 90-х. «Першую ноч я не змог заснуць, бо не верыў, што Провід Божы мяне накіраваў у Друю, у яе сцены». Але прыход зусім малы, наракае ён.

«А дзе вялікі? — не пагаджаюся я. У Расонах, Лёзне, у Бегам’і вялікія? Там увогуле лічаныя вернікі».

«50 чалавек на святы прыходзяць на службу. І тыя пераважна старэйшыя людзі, каму за 70», — расказвае Сурыновіч.

«А можа быць, гэта проста заўжды так, што ў царкву, касцёл ідуць старэйшыя, калі задумляюцца пра зямное і незямное жыццё?» — пытаюся я.

«Бяда ў іншым: нашыя вёскі выміраюць, — расказвае айцец Сяргей. — Служачы ў Слабодцы, я кожны год хаваў каля пяцідзесяці чалавек. Моладзь з’язджае ў гарады, хаты пусцеюць». «Усё часцей пішу ў парафіяльнай картатэцы — вёска вымерла. Гэта палохае».

Вялікая мінуўшчына

Статыстыка пацвярджае: у Друі сто гадоў таму жыло 6000 чалавек. У 1970-м — 2500. Сёння — тысяча.

Айцец Сяргей перажывае. І гэта на самым паўночна-заходнім краі Беларусі, дзе яшчэ і вёска мацнейшая, і каталіцкая традыцыя не перарывалася ніколі.

У Друйскай гімназіі, што месцілася ў кляштары, вучыліся будучыя гісторык Ермалковіч, мастак Жаўняровіч, генерал ордэна марыянаў, заснавальнік бібліятэкі імя Скарыны ў Лондане, біскуп Часлаў Сіповіч, ксёндз—доктар філасофіі Тамаш Падзява. З Друяй цесна звязаныя былі гістарычныя святары Ільдэфонс Бобіч, Фабіян Абрантовіч, Язэп Германовіч, Андрэй Цікота, блаславёны пакутнік Юрый Кашыра… (Кашыра быў з праваслаўнай сям’і, але пайшоў у марыяне, і калі немцы палілі Росіцу, пайшоў у агонь разам са сваёй паствай.)

У Друі служаць і сёстры-еўхарысткі. Друя, дарэчы, была калыскаю гэтай кангрэгацыі. У 1923 біскуп Юры Матулевіч заснаваў новую жаночую кангрэгацыю Сёстраў Служэбніц Ісуса ў Еўхарыстыі. Яны тут выжылі нават у савецкі час. Хаваліся, але служылі патаемна. І вось цяпер іх тут тры застаецца. Яны жывуць цераз дарогу ад касцёла.

А што ж робіцца там, дзе традыцыя меншая?

Касцёл яшчэ жыве з адчуваннем моцы ў большых гарадах. Там ёсць «крытычная маса». А вось святары ў райцэнтрах і вёсках адчуваюць сябе вартаўнікамі бастыёнаў.

А ты адзін з сабакам

Бастыёны велічныя, але як даць рады іх захаванню, калі ты адзін, з сабакам, а ў цябе прыход — 50 бабулек?

«Са складанага — гэта стан касцёла і кляштара, — расказвае Сурыновіч. — Трэба тэрмінова рамантаваць».

Пафарбавалі — ізноў палез грыбок. Дзе пабялілі — там не пайшоў. Дзе акрылавыя фарбы — цвіль. Рэстаўратары кажуць, што сырасць паўзе з падмуркаў. Іх трэба сушыць. А гэта каштуе дзясяткі тысяч еўра. Такіх грошай няма.

Друя прыцягвае, яна натхняе, яна насычае беларускім духам.

Сюды едуць пілігрымы. На жаль, сярод іх пакуль няма мільянераў.

У савецкі час у кляштары было ПТВ. Сутарэнні замуравалі. Нешта там парушыла бомба ў вайну. Хоць і высокая гара, а сырасць. Проста так фундаменты не правентылюеш, не прасвідруеш — яны тоўстыя, да двух метраў. Як з гэтым разабрацца?

Дзяржава не дапаможа. Ёсць сотні помнікаў у горшым стане.

Руіны, бывае, развальваюцца. А тут ёсць дах, няма расколінаў. Проста паўзе цвіль, паўзе з-пад зямлі гэтая зялёная, бурая цвіль.

Пад псеўданімам Бартніцкі

Айцец Сяргей ад будзённасці ратуецца творчасцю. Ён піша вершы пад псеўданімам Яўген Бартніцкі і малюе: «Я заўсёды ўглядаў у творчасці шляхі да Бога».

«Пісаць пачаў у часе вучобы ў Гродзенскай духоўнай семінарыі. Там пазнаёміўся з Данутай Бічэль — далікатнай, інтэлігентнай. Свой вольны час, калі была магчымасць выйсці ў горад, я праводзіў у музеі Максіма Багдановіча, дзе яна працавала ў тыя часы загадчыцай».

Калі вучыўся ў Санкт-Пецярбургу, выдаваў там па-беларуску газету «Крыніца».

Жывапіс — аматарскія спробы пачаліся ў майстэрні ўкраінскай пейзажысткі Міраславы Казанцавай. «Яны выліліся ў шэсць персанальных выставаў», — з гонарам прызнаецца айцец Сяргей.

Таксама айцец Сяргей удзельнічае ў групе спецыялістаў, што працуюць над поўным перакладам Бібліі на беларускую мову.

Гэтая група паўстала дзякуючы ініцыятыве доктара тэалогіі Ірыны Дубянецкай. У ёй і бібліісты, і перакладчыкі, і мовазнаўцы, і спецыялісты па класічнай філалогіі… Добрай пляцоўкай для сумеснай працы стаў Міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі, які штогод праходзіць у Коўне.

Сурыновіч распачаў пераклад Септуагінты — гэта Стары Запавет на грэцкай мове. Такая праца заўсёды супольная, да яе далучаюцца людзі з прафесійным валоданнем мовы, але таксама і з глыбокай верай.

І аўтограф гімна

А таксама ён збірае — карціны, памяткі, дакументы.

«У маёй прыватнай калекцыі каля двухсот працаў, большасць — Яна Антонавіча Рыдзікі», — расказвае Сурыновіч.

Вось ружанец Язэпа Германовіча — ксяндза і пісьменніка, вядомага пад псеўданімам Вінцук Адважны.

Асцярожна, з пяшчотай дастае айцец Сяргей з альбома аўтограф гімна «Магутны Божа» рукі Наталлі Арсенневай. Асобныя словы ў ім яшчэ адрозніваюцца ад кананічнага варыянта.

А вось паштоўкі, якія атрымлівалі ў 1920-я і 30-я марыяне. Ад братоў, выхаванцаў — з Парыжа, Рыма… Ён знайшоў іх сярод смецця ў Друі, у прамым сэнсе слова. Сярод іх паштоўкі, напісаныя беларускай лацінкай з Рыма, падпісаныя айцом Юрыем Кашырам.

«Усё мае адну мэту — стварэнне ў друйскім кляштары музея. У гэтым таксама зацікаўлены мой біскуп Алег Буткевіч, які выказаўся за тое, каб стварыць у Друі музей усёй Віцебскай дыяцэзіі», — расказвае Сурыновіч.

Але для каго будзе той музей, калі ён сам прызнае, што парафія вымірае?

Пытанне.

Для пілігрымаў, мусіць

Увогуле, што галоўнае для святара ў сітуацыі вымірання супольнасці, у якой ён служыць?

Пратэстанцкія пастары і праваслаўныя бацюшкі пражываюць гэтую сітуацыю па-іншаму. У іх сем’і. Сем’і трэба карміць. Значыць, перадусім трэба працаваць — на зямлі, у бізнэсе.

Ксяндзы сем'яў не маюць. Таму яны па-іншаму ўспрымаюць новую рэчаіснасць.

Сёння часта пакідаюць святарства менавіта пробашчы малых парафій. Іх ламае навакольная бесперспектыўнасць, так мне думаецца. Уявіце сабе сітуацыю — у цябе гіганцкі храм і ўсё сыплецца, а людзей няма і ніякіх рук не стае.

Сурыновіч шукае аптымістычныя словы, але гэта хутчэй стаіцызм: «Я і не ўмею ўжо па-іншаму, як толькі быць часткаю гэтага Касцёла і яму належаць».

Ён прыйшоў у касцёл з пакаленнем адраджэння — нацыянальнага і рэлігійнага.

«Так, мае бацькі і дзяды былі праваслаўнымі, — расказвае ён. — Я ахрышчаны таксама ў праваслаўнай Царкве. Аднак абраў святарства ў Каталіцкай Царкве. Цяжка растлумачыць прычыны, я іх проста не ведаю. Бог так пакіраваў. Святар гэта не прафесія, святар — стыль жыцця, пакліканне».

* * *

Бліц-пытанні айцу Сяргею Сурыновічу

Што Вы робіце, калі ўначы ў Ваш кляштар грукаюцца на выгляд злачынцы?

Адчыняю дзверы.

Калі Вам цяжка, Вы…

Малюся.

Калі Вам добра, Вы…

Працую.

Кім працавалі Вашы бацькі й дзяды?

Бацькі — настаўнікі. Маці — матэматыкі, бацька — гісторыі. Бабуля і дзед па бацьку таксама настаўнікі. Дзед нарадзіўся ў Наваградку і там скончыў ліцэй імя Адама Міцкевіча, бабуля з Любчы.

Жыццёвы дэвіз?

Шукаць Бога і шукаць для Бога — абраў яго перад рукапалажэннем у святары.

Самы памятны дзень?

Экзамен у семінарыі ў Гродне.

Любімы колер?

Цёмна-сіні.

Любімая кветка?

Касачы.

Калі б прэзідэнтам былі Вы, то што Вы зрабілі б найперш?

Дамогся прызнання несапраўдным рэферэндуму 1995 года.

Мінск для Вас — гэта…

Край свету, адкуль можна выпісаць добрыя кніжкі.

Вільня для Вас — гэта…

Сталіца, беларускі горад.

Віцебск для Вас — гэта…

Горад Шагала, горад майго вяртання ў Беларусь.

Што Вы купляеце ў краме кожны раз?

Тварог, садавіна, агародніна, хлеб.

Якія словы з Бібліі Вы нагадалі б чытачам НН сёння?

«І ўбачыў Бог, што святло прыгожае. І аддзяліў Бог святло ад цемры». Быцця 1,4.

* * *

Жарт

Пані Янінка са Слабодкі, дзе раней служыў айцец Сяргей, ксяндза павучала:

— Ксёндз, ці ведаеш, чаму смерць худая ходзіць?

— Не, не ведаю.

— Бо хабару не бярэ, а вось доктар наш пузаты ходзіць…

* * *

Глядзі таксама: Адкуль ёсць пайшла беларуская зямля — край Дзвіны, азёр і крывіцкай спадчыны 

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру