Сваімі манерамі і выглядам Барыс Пятровіч нагадаў мне пэрсанажа раману Грэма Грына, за якім гоніцца Скотлянд Ярд: худы, разумны, стрыманы да закрытасьці, заўсёды гатовы да ўсяго, заўсёды ведае, што ды навошта робіць… Мусіць, у наш час, калі аўтара і чытачоў з прэзэнтацыі кнігі могуць напрасткі даставіць у каталажку (згадайма выпадак з Паўлам Севярынцам), такі выгляд і мусіць быць характэрным для рэдактара незалежнага і мастацкага часопісу…

«Дзеяслоў» нарадзіўся на пахаваньні Герменчука

«НН»: «Дзеяслоў» адзначыў пяцігодзьдзе. Пяць год — працяглы прамежак часу, за які падрасло новае пакаленьне чытачоў. Раскажыце для іх гісторыю зьяўленьня «Дзеяслова».

БП: Сама ідэя часопісу ўзьнікла досыць нечакана. Я працаваў у «Полымі». Цэнзуры папярэдняй тады не было, у часопісе друкавалася ўсё найлепшае з тагачаснай беларускай літаратуры. Сьмеласьць выданьня залежала толькі ад пазыцыі галоўнага рэдактара… Але раптам у траўні 2002 г. мы даведаліся, што зьявілася ідэя аб’яднаць літаратурныя часопісы «Полымя», «Нёман», «Маладосьць», «Крыніцу», тыднёвік «ЛіМ» — у адзін холдынг. Пасьля сустрэчаў з ініцыятарамі гэткага аб’яднаньня — дэпутатам Касьцянам, паэткай Таісай Бондар і «праваабаронцам» Яўгенам Новікавым, — стала зразумела, што іх мэты, перш за ўсё: зьмяніць няўгодных галоўных рэдактараў і прымусіць друкаваць толькі тое, што, нібыта, не супярэчыць дзяржаўнай ідэалёгіі.

У тыя дні памёр мой аднакурсьнік і сябар Ігар Гермянчук. На ягоным пахаваньні я сустрэўся зь Сяргеем Дубаўцом і Алесем Бяляцкім, і менавіта та¬ды, на прыступках Палацу мастацтваў, у нас упершыню зьявілася думка выдаваць альтэрнатыўны незалежны лі¬таратурны часопіс.

«НН»: Гэта быў годны адказ на выклік.

БП: Пачыналі мы з нуля ва ўсіх сэнсах. Са мной сталі працаваць Алесь Пашкевіч і Эдуард Акулін, пазьней далучыўся Анатоль Івашчанка. Макет вокладкі зрабіў мастак Генадзь Мацур. За два месяцы сабралі творы і падрыхтавалі першы нумар, які выйшаў пры канцы верасьня 2002 г. У нас было некалькі варыянтаў назвы.

Спачатку хацелі назваць часопіс «Узвышша» — як бы ўзнавіць той часопіс, што выдаваўся ў 1920—30‑я. Але ўрэшце вырашылі: з нуля дык з нуля… Дужа адметнае і шматзначнае слоўца «дзеяслоў» мне падабалася даўно, яшчэ ў «ЛіМе» ў 1990‑я мы думалі выдаваць дадатак з такою назвай. Пасьля спрэчак і ваганьняў, так і вырашылі назваць новы часопіс.

Праблемы не паддаюцца простай лёгіцы

«НН»: Шлях рэдактара незалежнага часопісу ня ўсыпаны ружамі. Ці не ўзьнікае жаданьня кінуць‑рынуць усё пад ясную халеру і спакойна жыць на менш нэрвовай працы?

БП: Такія думкі ўзьнікаюць пэрманэнтна. Мяне, пэўна, будзе цяжка зразумець тым, хто працаваў у часопісах за савецкім часам, калі можна было на працу прыйсьці а дванаццатай гадзіне ці наагул пайсьці ў творчы загул… Усё інакш, калі выдаеш незалежны часопіс, і спадзявацца можаш адно на сябе і сваіх калегаў. Рэдакцыя ў нас маленькая. Працы шмат, нават ня творчай, а чыста фізычнай. Але гэта добра, гэта было б у кайф, калі б час ад часу не ўзьнікалі нейкія праблемы, якія не паддаюцца простай лёгіцы: раптам камусьці не захацелася бачыць наш часопіс у шапіках «Саюздруку», і «Дзеяслоў», знайшоўшы надуманую прычыну, выкідваюць з шапікаў, потым — адмаўляецца распаўсюджваць «Белкніга»… Жыцьцё пастаянна падкідвае нейкія праблемы, і з гадамі іх, на жаль, ня меншае.

«НН»: Які наймацнейшы твор надрукаваны ў «Дзеяслове» за пяць год? Ці ёсьць такі твор, пра які вы шкадуеце, што надрукавалі?

Столькі шмат усяго было… Зрэшты, наконт найбольш моцнага — мне адказаць лягчэй: лічу адным з такіх твораў паэму Някляева «Палянэз», якая была надрукаваная ў першым нумары. Я ня раз казаў ужо, што часопіс варта было стварыць хаця б дзеля таго, каб надрукаваць адно яе. Але, безь «Дзеяслова», дзе была б надрукаваная сёньня спадчына Быкава? А эсэістыка Казька?.. А вершы Гілевіча, Барадуліна, Бураўкіна… А творы маладых, якія сьвядома ня хочуць ісьці ў холдынг… Быў час, калі мы кожны нумар рабілі як апошні. Менавіта з гэтай прычыны той час быў вельмі плённым: выбіралі лепшае зь лепшага… Найгоршы матэрыял… Хай назавуць яго чытачы. Мы ж стараліся не друкаваць пустога. Хацеў бы хіба, каб публіцыстыка і крытыка ў часопісе былі больш моцнымі.

«Марыніны» забудуцца

«НН»: Пра Джаан Роўлінг гавораць, што яна прымусіла дзяцей зноў чытаць. Якім мае быць твор беларускай літаратуры, каб прымусіць зноў чытаць па‑беларуску?

БП: Я не падзяляю таго тэзісу, які апошнім часам чуваць ад некаторых дзяржаўных дзеячоў: маўляў, пішыце лепш, тады вас будзе чытаць народ. Я не стамляюся паўтараць, што сучасная беларуская літаратура — адна з самых цікавых ва Ўсходняй Эўропе. Давайце будзем любіць сваё. Як любяць літоўцы ці палякі і ніколькі не камплексуюць праз тое, што ў іх няма сваіх Роўлінг ці Браўнаў (іх можна і перакласьці, але ці дададуць яны беларускамоўных чытачоў? І ці будуць мець стотысячны наклад, як Караткевіч?)… У нас ёсьць Быкаў і Алексіевіч, Барадулін і Някляеў… Трэба толькі, што называецца, раскручваць сваіх аўтараў. Ці, прынамсі, не перашкаджаць ім ісьці да чытача, як гэта адбываецца цяпер. І яшчэ. Ва ўсе часы існавалі аўтары, якія карысталіся вялікай папулярнасьцю, але тая папулярнасьць была часоваю. Скажам, Амфітэатраў быў нашмат больш папулярны за Чэхава. Але сапраўднае не загіне.

«НН»: То бок Вы ня лічыце, што літаратура ў Беларусі (а мо і ў сьвеце) у крызісе?

БП: Не лічу. Па‑мойму, гэтая размова пэрыядычна паўтараецца з таго часу, як уласна і ўзьнікла літаратура. Іншая справа, што нас ня ведаюць у сьвеце, а мы кепска ведаем сьвет. Раней сьвет ведаў пра беларускіх пісьменьнікаў больш праз расейскія пераклады. Але цяпер гэтая нітка абарвалася. Расейскія часопісы амаль не друкуюць беларускіх аўтараў. Мы імкнемся ліквідаваць гэты прабел праз абменныя нумары. Гэта значыць, рыхтуем, скажам, нумар, прысьвечаны швэдзкай альбо немецкай, аўстрыйскай літаратуры, у той час як пэўныя літаратурныя часопісы гэтых краінаў знаёмяць сваіх чытачоў зь літаратурай беларускай.

Моладзі сёньня найцяжэй

«НН»: Перашкаджае ці дапамагае праца Пятровіча‑рэдактара працы Пятровіча‑пісьменьніка?

БП: Рэдактарская праца заўсёды перашкаджае асабістай творчасьці. Адвечная дылема. Згадайма «хрэстаматыйны» прыклад паэта і рэдактара Твардоўскага… І Дубаўца… Я цаню Дубаўца‑празаіка, паэта, а тым болей — крытыка, і ведаю, што рэдактарства і яго выбівала з уласна творчасьці… Я быў бы вельмі рады, калі б у нас зьявіліся новыя літаратурныя часопісы, каб існавала некалькі незалежных выданьняў. А то цяпер нам даводзіцца друкаваць пад адною вокладкай і клясыкаў, і моладзь, і супэравангардыстаў, і звышрэалістаў… З другога боку, можа, гэта і добра: кожны чытач знойдзе ў часопісе тое, што яму напэўна спадабаецца, і разам з тым зможа пазнаёміцца і з тым, што яму невядома. Атрымліваецца, у нас дужа ўдала абраны фармат, у якім арганічна спалучаюцца ўсе ўзросты і ўсе жанры.

«НН»: «Дзеяслоў» часта ладзіць сустрэчы з чытача¬мі. Ці шматлюдныя яны? Якое адчуваньне ад іх?

БП: Насуперак загадам не запрашаць сябраў «няправільнага» пісьменьніцкага саюзу, знаходзяцца людзі, якія не баяцца абыходзіць тыя забароны. Яны дапамагаюць нам арганізоўваць сустрэчы і прэзэнтацыі, куды прыходзіць і па сто, і па дзьвесьце чалавек. Апошняя такая імпрэза праводзілася літаральна колькі дзён таму ў Віцебскай абласной бібліятэцы. Я бачу, наколькі патрэбныя гэтыя сустрэчы, асабліва ў правінцыі, дзе людзі ўжо засумавалі па шчырым, адкрытым слове, па добрай паэзіі, па такіх вось сумоўях… Выходзіш з залі — і жыць хочацца.

«НН»: Як Вы, грунтуючыся на сваім рэдактарскім і пісьменьніцкім досьведзе, ахарактарызавалі б стан нашага грамадзтва?

БП: Выразна бачу, што мы губляем маладое пакаленьне. Моладзь засмоктвае БРСМ, дэзарыентуюць зьмены ў падручніках літаратуры і гісторыі… Гэта балюча, аднак я аптыміст: покліч крыві — ён вечны. Ужо як пляжылі беларускасьць у мінулыя дзесяцігодзьдзі… Здавалася б, нашага пакаленьня — «Тутэйшых» — папросту не павінна было б існаваць. Але мы ёсьць. І мы працуем. І цяпер ёсьць незалежная дзяржава Беларусь, а гэта вельмі моцны падмурак, на якім будзе далей будавацца беларускасьць, што б там хто ні гешэфтаваў. Ня трэба занадта зважаць на часовыя цяжкасьці. «І гэты лад, і гэты час — не назаўсёды». Трэба жыць вялікай ідэяй і надзеяй. А Беларусь была, ёсьць і будзе.

Сачанка падкідваў мне кнігі

«НН». Раскажыце, калі можна, больш пра сябе. Адкуль Вы? Адкуль Вашая цікавасьць да літаратуры? Ці падтрымлівае Вас у Вашай дзейнасьці сям’я?

БП: Я з Палесься, з Хойніцкага раёну, зь вёскі Вялікі Бор, якую многія ведаюць як радзіму Барыса Сачанкі. Гэта мой дзядзька. Ён спрычыніўся да майго фармаваньня як асобы. У дзяцінстве я шмат хварэў. Часта ляжаў у чацьвертай клініцы тут, у Менску. Чытаў запоем, і Барыс Іванавіч, заўважаючы гэта, «падкідваў» мне ці¬кавыя кнігі: спачатку дзіцячыя, а потым і больш сур’ёзныя. Мусіць, менавіта тады і заклалася цяга да літаратуры. Гэта быў пачатак 70‑х. Так здарылася, што ў палаце са мной лячыліся інтэлігентныя, адукаваныя людзі, якія вечарамі слухалі радыё «Свабода», прыносілі з сабой і дзяліліся кнігамі пра сталінскія рэпрэсіі, што выйшлі яшчэ падчас хрушчоўскай адлігі. Мяне ўразіла тады тое, што, аказваецца, адбывалася ў краіне, дзе я быў так рады жыць. Аказваецца, пад чырвоным сьцягам чыніліся сапраўдныя зьверствы!..

«НН»: Дык Вы — прадукт радыё «Свабода»?

БП: Хутчэй, тых людзей, якіх я сустрэў у дзяцінстве і юнацтве. Потым у нас быў вельмі файны курс на журфаку: Гермянчук, Дубавец, Навумчык, Сапач, Астраўцоў, Яфіменка, Пахолка… Мы былі патрыётамі. Пісалі па‑беларуску, цікавіліся беларушчынай.

Без падтрымкі сям’і я ўвогуле нічога не зрабіў бы. Часам бывае, што сям’я становіцца перашкодай для творчасьці. А ў мяне наадварот: мае блізкія — мая апора. Жонка Людміла з Гомеля, з расейскамоўнай сям’і, але перайшла на беларускую без аніякіх сумненьняў. Яна мяне заўсёды падтрымлівала, вельмі дапамагае і цяпер. У мяне два сыны: старэйшы вучыцца на журфаку, малодшы — у школе, у беларускамоўнай клясе. Яны ведаюць, што робіць бацька, і таксама ўсяляк падтрымліваюць.

«НН»:У юбілейным трыццатым нумары надрукаваныя Быкаў, Мацяш, Някляеў, Капусьцінскі, Фрыд, Гарэцкі, Тарас… Дробным шрыфтам. Толькі юбілейны нумар такі прадстаўнічы, ці гэта заўсёдная манера?

БП: Пагартайце папярэднія нумары і пераканайцеся, што ўсе яны такія… З кожным нумарам мы мяркуем выпускаць яшчэ і кніжку з сэрыі «Бібліятэчка часопісу «Дзеяслоў». З часам хацелася б адужаць штомесячны выхад. Пры тым — свайго часу чакае яшчэ шмат цікавых публікацыяў. 328 старонак нам замала.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?