Галоўная прычына гэтага, як кажуць, ляжыць на паверхні.

Прыгадайце пачатак лістапада. Позьняя восень, але да зімы амаль цэлы месяц. I надвор’е адпаведнае: ноччу — 1—3 градусы марозу, удзень — каля 0. Мокры сьнег зьмяняецца дожджыкам і пад нагамі лужыны зь сьнега‑лядовай кашай. А калі кінеш позірк на вуліцу, дык здаецца, што людзі ўжо сустрэлі сьцюдзёную зіму. На ўсіх мінаках кажушкі, так званыя «аляскі» і нават футры да пятаў, на рэдкіх адзінках (студэнтах) лёгкія курткі, і ня бачна ніводнага чалавека ў плашчы, лёгкім паліто ці ў іншым адзеньні, што адпавядала б сэзону .

Уладальнікам кажушкоў і футраў у такіх умовах ня толькі цёпла, але і горача. Ад гарачыні ім даводзіцца ўспацець, яны вымушаныя расшпільвацца да бялізны. Дастаткова хуткаплыннага халаднаватага ветрыка, каб у гэтых спацелых уладальнікаў футраў і кажушкоў заклала нос, схапіла горла або пачаўся кашаль, бо іхная прамоклая ад поту бялізна ўжо не трымае, а аддае цяпло. Людзям, якія не прызвычаіліся да ахаладжэньня, гэта пагражае захворваньнем.

Адна прастуда, другая, трэцяя — і прастуднае захворваньне ўжо ператвараецца ў хранічную хваробу. I ўсё — празь вельмі добрае, але неадпаведнае адзеньне.

Між іншага, ня толькі чалавеку, але і адзеньню нядобра. Няцяжка здагадацца, што дождж псуе футра, кажушкі з «аляскамі» таксама. Яны наагул прызначаныя для нашэньня толькі ў маразы пры тэмпэратуры паветра ад мінус пяць градусаў і ніжэй.

Выходзіць, што псуем вопратку дзеля здароўя, але здароўе псуецца праз гэтую вопратку. У любой вопратцы заўсёды павінна быць ня горача і ня холадна, а камфортна. Гэта значыць — зручна, утульна. Нават лепш, каб крышачку халаднавата. З пункту гледжаньня здаровага ладу жыцьця ў наш час у Беларусі, дзе ўзімку маразы звычайна ў межах 5 —15 градусаў і частыя адлігі, а кожны наступны год цяплейшы за папярэдні (у сёлетнюю зіму сыноптыкі абяцаюць маразы ў межах 3 — 8 градусаў), кажушкі і футры ў асабістым гардэробе трэба вешаць у самым дальнім куце.

Генадзь Шэршань

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0