Перада мной — чатыры літаратурныя часопісы. Для афармленьня вокладкі кожны, акрамя «Нёману», выкарыстаў карціны розных мастакоў і «Нёман» задавольваецца раз і назаўжды абраным малюнкам Нацыянальнай бібліятэкі на сінім тле.

Зазірнем пад вокладкі.

«Дзеяслоў»

Тэксты, пры рознасьці, маюць супольную рысу — прафэсійнасьць, у чым бачыцца і моцная рэдактарская рука. Вельмі ўдалы прыём — выносіць на пачатак адзін‑два радкі з твору, якія заінтрыгуюць чытача і разам з тым дадуць асноўнае ўяўленьне пра тое, што чакае яго далей.

Прафэсійнасьць выяўляецца і ва ўмела закручаных сюжэтах (як у апавяданьні Ўладзімера Някляева «Адлюдак») і ў нечаканых спэцыфічна‑літаратурных прыёмах кампаноўкі тэксту (як у апавяданьнях Уладзімера Сьцяпана), і ў вывераным балянсе паміж грамадзкім і літаратурным (як у апавяданьні «Боты» Валянціна Дубатоўкі). Моцны бок гэтага нумару — несумненна, вершы. Пранізьліва‑кранальныя ў Ніла Гілевіча, іранічныя ў Андрэя Хадановіча, сталыя ў Ніны Мацяш… І калі мне спадабаліся ў гэтым нумары, скажам, Людка Сільнова ды Дар’я Ліс, то некага кране за душу разьбітная «Трасца» Леаніда Дранька‑Майсюка ці філязофскія радкі Эрыха Фрыма ў перакладзе Арцёма Арашонка.

Разьдзелы з кнігі Рышарда Капусьціньскага «Імпэрыя», дзе апісваюцца падзеі ў Пінску ў 1939 г., я чытала з заміраньнем сэрца: так жыва і нечакана апісаны той час, так выразна ўстае перад вачыма тагачаснае Палесьсе…

Заўважаю карэктарскія памылкі. Наагул, ведаючы, у якіх умовах рыхтуецца часопіс, да гэтага ставісься з разуменьнем (тым больш, у многіх пэрыядычных выданьнях за мяжой карэктуру ўвогуле не робяць — ня лічаць патрэбным). Але вось у тонкім апавяданьні Волі Бабковай «Дом на Пярэсьпе» напісаньне з малой літары слова «Пярэспа» троху бянтэжыць. Пярэспа — рэчка ля Старажоўкі і раён Менску, і ў апавяданьні ідзецца пра містычную гісторыю, якая адбылася менавіта тут, у пабудаваным на месцы рэчкі доме…

Варта заўважыць, што ў «Дзеяслове» і ў «ARCHE», ужо ня кажучы пра дзяржаўныя выданьні часта сустракаюцца памылкі ў напісаньні імёнаў уласных, асабліва іншаземных, у словах, што прыводзяцца на замежных мовах. Гэта яўныя наступствы культурнае ізаляцыі, у якой перабывае краіна і яе сыстэма адукацыі ў прыватнасьці.

«ARCHE»

«ARCHE» — не літаратурнае, а аналітычнае выданьне, але літаратура тут таксама прысутнічае. У дадзеным нумары, у чыстым выглядзе, гэта апавяданьні Аляксея Знаткевіча і вершы Андрэя Хадановіча. У апасярэдаваным выглядзе — крытыка і рэцэнзіі, якія займаюць у часопісе многа месца. Ві¬ктар Жыбуль, напрыклад, аналізуе кнігі Леаніда Маракова «Ахвяры і карнікі» і «Непамяркоўныя». Алена Гапава не пакідае каменя на камені ад зборніка «Жанчыны выходзяць з‑пад кантролю» з сэрыі «Кнігарня Наша Ніва».

Вельмі цікавая гутарка Алеся Аркуша зь Віктарам Казьком, зь якой, у прыватнасьці, чытач даведаецца, што раман «Бунт незапатрабаванага праху» дзесяць год ляжыць у выдавецтве «Мастацкая літаратура»! Раман аднаго з найлепшых пісьменьнікаў краіны — дзесяць год! А прачытаць гэты раман — урывак зь якога давялося пабачыць некалькі год таму — вельмі хочацца. З інтэрвію не зусім зразумела, чаму спадар Казько ня хоча зьвярнуцца ў іншыя выдавецтвы? Акрамя «Мастацкай літаратуры» ёсьць жа пакуль яшчэ і другія. Прыкладам, наш сучасны Марцін Кухта — «Логвінаў». Спадар Аркуш цікавіцца ў суразмоўцы, чаму «ніхто зь пісьменьнікаў старэйшага пакаленьня так і не напісаў раману пра найноўшы час»? Адказ на гэтае пытаньне досыць нечакана знаходзім у «Нёмане».

«Нёман»

Калі творы ў «Дзеяслове» адрозьніваюцца падкрэсьленым прафэсіяналізмам, то «Нёман» робіць стаўку на народную, аматарскую літаратуру. Дратуе мова часопісу. Яна, па ідэі, павінная быць расейскай. Але, далібог, не расейская! Асабліва там, дзе аўтары самі перакладаюць сябе зь беларускай (Ніна Маеўская «Холад доннай вады», раман). Усё ж такі, сапраўды, як сказаў аднойчы Валянцін Тарас, на першы погляд падаецца, што беларуская і расейская мовы вельмі падобныя, як падобныя вяргіня і піён, але ж гэта абсалютна розныя кветкі! Няўдалы пераклад зводзіць на нішто вартасьці арыгіналу (вершы Віктара Шніпа ў перакладзе Б. Спрынчана). І гэта нагода для таго, каб шаноўныя дэпутаты заапекаваліся станам расейскай артаграфіі і пунктуацыі (і стылістыкі!) ды прынялі нейкі закон, які б забараніў «па сутнасьці супрацьзаконнае» нявечаньне «вялікай і магутнай».

Цікавымі падаліся аповеды азэрбайджанскага пісьменьніка Каміля Афсараглы (тут, дарэчы, пераклады нашмат больш мастацкія), спадабалася апавяданьне Сьвятланы Кражавай «І Джокер, і казырны ход, або «Мурашнік» — найперш нечаканай тэмай (пра ўнутранае жыцьцё вялікага гіпэрмаркету). Уласьцівая часопісу аматарскасьць у дадзеным выпадку не перашкаджала, а наадварот дапамагала ўспрыманьню тэксту. Толькі вось адзін момант заінтрыгаваў: чаму пасьля разбору чарговага сьвінога статку грузчыкі гіпэрмаркету ідуць прыняць таблеткі анальгіну? Чалавеку, далёкаму ад мяснога бізнэсу, хацелася б тлумачальнай зноскі.

На пытаньне, зададзенае ў іншым часопісе: чаму беларускія пісьмень¬нікі не напісалі раману аб найноўшым часе — адказвае ў вялікім артыкуле Анатоль Кудласевіч. Ён аналізуе творы Таісы Бондар: паэму «Рагнеда», раман «Гульня ў падкіднога», аповесьць «Матылькі». Аналізуе падрабязна, зь вялікімі цытатамі. Аўтар праводзіць адну думку: аўтарцы не ўдалося паказаць сапраўднай карціны ні часоў Рагнеды, ні часоў перабудовы — чаму б вы думалі? Таму што яна не разумела, што і тады, і цяпер ёсьць народ, які лічыць сябе абраным, імкнецца да сусьветнага валадарства і вядзе вайну не на жыцьцё, а на сьмерць зь іншымі народамі… І менавіта ў гэтым, паводле А. Кудласевіча, асноўная прычына нашых бедаў! Я, вядома, разумею, што толькі прафэсарам дазволена лаяцца ў рэсэфэсээры, як трапна гэта заўважыў незабыўны Шарыкаў, але мне цікава, ці адрэагуюць неяк на гэтыя сьвежыя думкі А. Кудласевіча Мінінфа ці там Мін’юст?

«Иностранная литература»

«Інастранка» вельмі трапна «ловіць хвалю». У тым сэнсе, што вельмі часта друкуе сапраўды вяршкі сусьветнай літаратуры. Хаця пэўная стомленасьць ад словаў у сучаснага чытача назіраецца, таму ні заканчэньне раману Мардэхая Рыхлера «Вэрсія Барні» (цяжкасьці жыцьця з хваробай Альцгеймера ў сучаснай Амэрыцы), ні ўрывак з раману Мілана Кундэры «Жыцьцё ня тут» (раман напісаны ў 1970 г. і з волі аўтара дасюль не апублікаваны ў Чэхіі), ні паэтычныя тэксты Пабла Пікаса, што называецца, «не зачапілі».

Затое не магла адарвацца ад дакумэнтальнай аповесьці француза Дыд’е ван Кавэлера (бадай, правільней было б пісаць усё ж — Каўляр) «Кланаваць Хрыста?» Закручана так, што не разумееш, што тут дакумэнтальнае, а што — ад аповесьці. Аўтар расказвае (прыводзячы шмат пераканальных доказаў, сьведчаньняў навукоўцаў і тэолягаў), што знакамітая Турынская плашчаніца — насамрэч, сапраўдная плашчаніца Хрыста, што радыевугляродны аналіз, які быў праведзены нядаўна і паказаў, што плашчаніца была вырабленая ў Сярэднія вякі — некарэктны метад у дачыненьні да тканінаў, і што — трымайцеся на крэсьле мацней — царква, добра ведаючы пра яе сапраўднасьць, спэцыяльна скарысталася з гэтага мэтаду, каб абвясьціць плашчаніцу проста іконай і тым самым перашкодзіць спробам кланаваць Хрыста з часьцінак ягонай крыві, якія захаваліся на тканіне! Далей — больш. Аказваецца, некалькі нітачак з плашчаніцы ўсё ж знаходзяцца ў распараджэньні навукоўцаў‑генэтыкаў (прозьвішчы прыводзяцца), і яны ўстанавілі, што на ёй кроў групы IV (AB), больш за тое, ім удалося кланаваць некалькі ДНК, а, магчыма, ужо і нешта большае… Пісьменьнік падрабязна апісвае малекулу гемаглябіну Ісуса, якую яму дазволілі паглядзець пад магутным растравым мікраскопам… А самы парадаксальны вывад пісьменьніка заключаецца ў тым, што кланаваньне Хрыста — гэта Божы промысел, што менавіта праз кланаваньне і прыйдзе на зямлю Мэсія ў другі раз. Праўда, тут жа аўтар прыводзіць меркаваньні навукоўцаў, што праз магчымыя памылкі пры кланаваньні гэта можа аказацца хутчэй не Хрыстос, а Антыхрыст…

Ці зазірнуць за далягляд мінулага, ці за далягляд будучыні — гэта залежыць ад таго, чым жыве пісьменьнік. Што чытачу цікавей?

Наталка Бабіна

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0