Страсбурскі суд прызнаў расейскія ўлады вінаватымі ў забойстве трох мірных чачэнскіх жыхароў у студзені 2000 году

Мова ідзе пра сьмерць жыхара Грознага Абдул‑Вагапа Тангіева, яго жонкі Хіржан Гадаборшавай і яго швагра Ісмаіла Гадаборшава, якія былі расстраляныя ў Старапрамыслоўскім раёне чачэнскай сталіцы ў канцы студзеня 2000 году.

Са скаргай у Эўрапейскі суд па правах чалавека зьвярнулася дачка Тангіева і Гадаборшавай.

У кастрычніку 2000 г. да Грознага падышлі фэдэральныя войскі. Сям’я Тангіева хавалася ад бамбардзіровак у падвале ўласнага дому на вуліцы Дзяржавіна.

У студзені, як згадвае дачка Тангіева, абстрэлы пачасьціліся, і частка сваякоў вырашыла перабрацца ў падвал дому на вуліцы Пугачова, які здаваўся больш бясьпечным.

Пазоўніца кажа, што ў дом для праверкі дакумэнтаў часта прыходзілі салдаты фэдэральны сіл.

11 студзеня 2000 году пазоўніца вярнулася ў дом на вуліцы Дзяржавіна і знайшла бацькоў і дзядзьку расстралянымі. Да таго часу Старапрамыслоўскі раён кантраляваўся фэдэральнымі войскамі.

Суду ў Расеі не было

Эўрапейскі суд па правах чалавека палічыў, што расейскія ўлады парушылі артыкулы № 2 (Права на жыцьцё) і №3 (Забарона катаваньняў) Эўрапейскай канвэнцыі аб абароне правоў чалавека і асноўных свабодаў.

Паводле рашэньня суду Расея павінна будзе выплаціць пазоўніцы, якая зараз жыве ў Інгушэціі, 60 тыс. эўра ў якасьці кампэнсаваньня нематэрыяльнага ўрону і 6 556 эўра судовых выдаткаў.

Выносячы рашэньне, страсбурскі суд асабліва адзначыў, што расейскі ўрад адмовіўся аддаць неабходныя дакумэнты па гэтай справе, а таксама ня даў пераканаўчых тлумачэньняў.

Як кажа супрацоўнік чачэнскага аддзяленьня праваабарончага цэнтру «Мэмарыял» Кацярына Сакір’янская, ніякага расьсьледаваньня на тэрыторыі Расеі па факце расстрэлу мірных жыхароў не праводзілася. Асобы ваенаслужачых, што расстралялі мірных жыхароў, ня выяўленыя.

Паводле праваабарончай арганізацыі Human Rights Watch, са сьнежня 1999 г. па студзень 2000 г. у Старапрамыслоўскім раёне былі забітыя 38 мірных жыхароў. Усяго па гэтай справе было пададзена 17 скаргаў. На сёньня выйграны справы па 12 скаргах.

Бі-Бі-Сі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0