Судом Дубровенскага раёна ўрач-неўролаг цэнтральнай раённай бальніцы прызнаны вінаватым у атрыманні хабараў і асуджаны да трох гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці і пазбаўленнем права займаць ва ўстановах і арганізацыях аховы здароўя пасады, звязаныя з выкананнем юрыдычна значных дзеянняў, тэрмінам на тры гады. Прыгавор набыў моц. 

Як паведамляе УУС Віцебскага аблвыканкама, супрацоўнікамі па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі ў пачатку 2013 года была атрымана аператыўная інфармацыя аб тым, што ўрач-неўролаг Дубровенскай ЦРБ бярэ грашовыя сродкі і іншыя матэрыяльныя ўзнагароды ад грамадзян у сувязі са станоўчым вырашэннем пытанняў выдачы фіктыўных медыцынскіх дакументаў (даведкі аб праходжанні медыцынскай камісіі для допуску да кіравання механічнымі транспартнымі сродкамі або аб часовай непрацаздольнасці). 

Падчас аператыўных мерапрыемстваў, скіраваных на праверку гэтай інфармацыі, было выяўлена 28 фактаў атрымання хабараў ад 16 грамадзян на тэрыторыі Дуброўна на агульную суму каля 3,5 млн. рублёў.

Па ўсіх выяўленых эпізодах злачыннай дзейнасці ў дачыненні да ўрача былі распачатыя справы на падставах частак 1 і 2 артыкула 430 КК (атрыманне хабару). Ён быў адхілены ад пасады і змешчаны пад варту.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?