Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка на сустрэчы ў Мінску прапанаваў кіраўнікам краін Мытнага саюза і прадстаўнікам Еўрасаюза прыняць яго план мірнага ўрэгулявання.

«Тут вырашаецца лёс свету і Еўропы, — заявіў ён. — Мэта майго прыезду ў Мінск — спыніць кровапраліцце і пачаць працэс пошуку палітычнага кампрамісу».

Украінскі лідар перакананы, што яго мірны план ўрэгулявання сітуацыі ва Украіне застаецца актуальным. Ён звярнуўся да лідараў яшчэ раз «паглядзець гэты план і прыняць яго».

Пятро Парашэнка таксама прапанаваў «дамовіцца аб стварэнні маніторынгавай групы, якая будзе маніторыць рэальны, а не гіпатэтычны магчымы ўрон. «І пасля таго як гэты ўрон будзе зафіксаваны, пагаварыць аб механізмах кампенсацыі або абароны», — сказаў ён.

Прэзідэнт Украіны лічыць магчымым пачаць дыялог аб пераходзе да сістэмы ўзаемнага прызнання сертыфікатаў, узаемнага прызнання заключэння лабараторый для вырашэння фітасанітарных праблем.

Паводле слоў Парашэнкі, гандлёвы абарот Украіны з Мытным саюзам упаў на 30%. «Што з'яўляецца нявыгадным як для Украіны, так і для нашых партнёраў з МС, — заявіў ён. — Ні ў якім выпадку нельга дапусціць далейшых пагаршэнняў умоў гандлю».

Парашэнка асабліва адзначыў, што сёння адаптацыя прававой базы СНД да новых умоў, у тым ліку шляхам заключэння новых сектаральных пагадненняў, напрыклад з мэтай прадухілення нетарыфных бар'ераў у гандлі, з'яўляецца ключавым прыярытэтам.

Прэзідэнт Украіны запрасіў ЕС і Мытны саюз да ўдзелу ў канферэнцыі донараў Украіны восенню 2014 года. «Ужо сёння мы разглядаем варыянты постканфліктнага развіцця рэгіёна (Данбаса), і міжнародная супольнасць заяўляе пра гатоўнасць дапамагчы Украіне ў адпаведных намаганнях. Нашы замежныя партнёры гатовы зрабіць канкрэтныя прапановы падчас міжнароднай донарскай канферэнцыі, якая запланавана на восень гэтага года», — адзначыў Парашэнка.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?