Заслаўе прыме гасцей Дня беларускага пісьменства ўжо другі раз. Насычаная пазнавальная і забаўляльная праграма свята разлічана на два дні — 6 і 7 верасня, паведамілі ва ўпраўленні друкаваных СМІ і знешніх сувязей Міністэрства інфармацыі Беларусі.

Урачыстае адкрыццё Дня адбудзецца на галоўнай сцэнічнай пляцоўцы каля Гарадскога вала 6 верасня. 

Па традыцыі святкаванню Дня беларускага пісьменства папярэднічае рэспубліканская навукова-асветная экспедыцыя «Дарога да святынь» з Жыватворным агнём ад Гроба Гасподняга. Экспедыцыя накіруецца 3 верасня з Мінска, канцавым пунктам «Дарогі да святынь» стане Заслаўе. У Нацыянальнай бібліятэцы да Дня беларускага пісьменства 6 верасня пройдуць міжнародны круглы стол «Сугучча: літаратура як люстэрка эпохі» з удзелам беларускіх і замежных пісьменнікаў і прэзентацыя альманаха «Сугучча» («Созвучие»). 

У Заслаўі асноўнае дзеянне свята разгорнецца на некалькіх тэматычных пляцоўках. Так, на цэнтральнай плошчы горада адкрыецца фестываль кнігі і прэсы, дзе будуць прадстаўлены кнігі і прэса Беларусі, экспазіцыя выданняў - пераможцаў нацыянальнага і міжнароднага конкурсаў «Мастацтва кнігі», фотавыстаўка «Пераможцы», аўтарскі праект «У пошуках страчанага» - выстаўкі «Мінск. Падарожжа ў часе», «Імгненні Першай сусветнай вайны» Уладзіміра Ліхадзедава, газеты «СБ. Беларусь сегодня» і РВУ «Выдавецкі дом «Звязда».

У час свята можна будзе ўбачыць дзеючы друкарскі станок XVI стагоддзя і станок пачатку ХХ стагоддзя, а таксама старадаўні спосаб вытворчасці паперы. Таксама адбудзецца прэзентацыя Бібліі Францыска Скарыны, надрукаванай па старадаўніх тэхналогіях. У час выстаўкі «Міншчына інфармацыйная» адбудуцца прэзентацыі рэгіянальных СМІ, бібліятэк і друкарняў. У дні свята пройдзе ўшаноўванне пераможцаў рэспубліканскага конкурсу на лепшы літаратурны твор года і рэспубліканскай акцыі «Лета з добрай кнігай!». Акрамя таго, гасцей свята чакаюць сустрэчы з пісьменнікамі, паэтамі, выдаўцамі, журналістамі, распаўсюджвальнікамі кнігі і прэсы.

На сцэнічнай пляцоўцы ў цэнтры Заслаўя гасцей сустрэнуць «Жывыя скульптуры» (летапісцы, пісьменнікі, героі літаратурных твораў), якія створаць атмасферу гарадской вуліцы эпохі Асветы. Падрыхтавана канцэртная праграма з удзелам ансамбляў старадаўняй музыкі і тэатральных калектываў «Заслаўскі дворык», рыцарскія забавы «Пад покрывам сівых стагоддзяў» з майстар-класамі па сярэдневяковых танцах, «Фальклорнае падарожжа». Музычным свята зробяць «Маладыя галасы Міншчыны». 

У дні свята будзе працаваць дзіцячая пляцоўка. Па вул. Савецкай адкрыецца «Літаратурнае кафэ», дзе адбудуцца конкурсы, літаратурныя віктарыны, маладзёжная акцыя «Чытай па-беларуску», прэзентацыі выдавецкіх праектаў і шмат іншага. Заслаўская школа мастацтваў прыме навукова-практычную канферэнцыю «Заслаўскія чытанні», у сярэдняй школе нумар 1 будзе працаваць выстаўка-прэзентацыя «Беларусь: гасціннасць без межаў», у Доме культуры «Світанак» - выстаўкі «Янка Купала і тэатр», «Якуб Колас. Жыццё і творчасць».

Адной з асаблівасцей сёлетняга святкавання Дня беларускага пісьменства стане прэзентацыя аграсядзіб. Прадстаўнікі суб'ектаў турбізнесу раскажуць аб магчымасцях адпачынку ў вёсцы і новых турыстычных комплексах. Гасцей свята пачастуюць беларускімі ласункамі. Сваю прадукцыю прадставяць майстры народнай творчасці.

Да Дня беларускага пісьменства ў Заслаўі з'явіцца некалькі новых аб'ектаў. Так, 6 верасня адкрыюць помнік заснавальніку горада князю Ізяславу і дзіцячы Парк культуры і адпачынку са штучным вадаёмам. Да свята абнавілі чыгуначную станцыю «Беларусь», амфітэатр на цэнтральнай плошчы, Дом культуры «Світанак», Дом быту і іншыя аб'екты. Спецыяльна да свята распрацаваны новы кальцавы турыстычны маршрут, які ахоплівае ўсе асноўныя выдатныя мясціны горада, у тым ліку Спаса-Праабражэнскі храм, Гарадскі вал, гістарычную частку Заслаўя. У горадзе таксама плануецца пасадзіць Сад Малітвы.

Завершыцца свята канцэртам майстроў мастацтва і дыска-акцыяй «Данс-батлейка». Па традыцыі гораду - сталіцы наступнага Дня беларускага пісьменства будзе перададзены сімвалічны вымпел свята.

Дзень беларускага пісьменства — нацыянальнае свята, якое адзначаецца з 1994 года і праводзіцца з мэтай прапаганды лепшых традыцый нацыянальнай культуры, друкаванага слова, духоўнасці беларускага народа. Традыцыйна Дзень беларускага пісьменства праводзіцца ў гістарычных і культурных цэнтрах, з якімі непарыўна звязана жыццё вядомых дзеячаў краіны. У розныя гады яно адзначалася ў Полацку, Тураве, Навагрудку, Нясвіжы, Оршы, Пінску, Заслаўі, Мсціславе, Міры, Камянцы, Паставах, Шклове, Барысаве, Смаргоні, Хойніках, Ганцавічах, Глыбокім, Быхаве.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?