12 900 гледачоў назіралі, як беларускі чэмпіён перамагаў славацкага. Гэта быў рэкорд стадыёна. Прыпаркавацца перад гульнёй было праблемай, з Мінска на Барысаў рушыў доўгі караван з аўтамабіляў.

Перад уваходам у віп-зону пільны міліцыянт спыніў былога старшыню Мінскага аблвыканкама Барыса Батуру: «Мужчына, куды вы пайшлі без надгляду?» На твары Батуры адбілася шчырае здзіўленне.

Пасля фінальнага свістка стадыён выгукнуў ў парыве шчасця. «Барысаў-Арэна» ў першы год эксплуатацыі адразу прыме наймацнейшыя спаборніцтвы Еўропы.

А пачыналася ўсё ў Браціславе. У гульні тыднёвай даўніны ў БАТЭ было ўсё добра хвіліны гэтак да 80-й. Барысаўцы мінімальна выйгравалі, дзякуючы аўтаголу Яблонскага. А потым на замену выйшаў брытагаловы Роберт Вітэк, ветэран славацкага футбола затэрарызаваў нашу абарону. Вітэк забіў двойчы. Праўда, суддзі залічылі адзін гол, другі быў з афсайда.

Нічыя 1:1 пакідала добрыя шанцы, бо гол на чужой пляцоўцы пры роўнасці мячоў лічыцца за два.

«Слован» у барысаўскім матчы, скажам шчыра, быў ніякі. Ніводнага моманта ў першым тайме. І толькі адзін у другім. Затое які! Чыкаш і Гарасіта ва ўпор расстрэльвалі Чэрніка. Брамнік не здрыгануўся. Трыбуны чула сталі скандзіраваць яго прозвішча: «Чэээээрнік». Ад нянавісці да любові.

Ну, а БАТЭ ў гэты вечар быў на вышыні. Яшчэ ў першым тайме беларусы маглі здымаць усе пытанні аб пераможцы. Але Радзівонаў трапіў у штангу, а Філіпенку крыху не хапіла дакладнасці.

Адзіны гол быў на рахунку Міхаіла Гардзейчука (на фота), які ўдала праскочыў паміж двума абаронцамі. Перад гэтым выдатны пас на яго аддаў Віталь Радзівонаў.

На 78-й хвіліне гвінеец Сума заслужыў чырвоную картку. Заслужыў па справе, парушыўшы правілы ў цэнтры поля. «Слован», які кроў з носу мусіў забіваць, адкрываўся ўсё болей і болей. За што атрымліваў контратаку за контратакай.

Крывец забіў другі мяч. Пасля гэтага славакі разваліліся, яны самі не верылі ў сваю перамогу. Радзівонаў зрабіў лік у гульні буйным — 3:0.

Хаця БАТЭ мог рабіць лічбы на табло яшчэ прыгажэйшымі і буйнейшымі. Барысаўцы ў Лізе чэмпіёнаў! Чакаем працягу ад «Дынама» і «Шахцёра».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?