На прэзентацыі, што прайшла сёння ў Куперціна (Каліфорнія) у «Флінт-цэнтры», граў гурт U2, паведамляе LA Times.

Apple прэзентавала два новыя смартфоны — iPhone 6 і iPhone 6 Plus з экранамі ў 4,7 і 5,5 цалі адпаведна. Прэзентацыю вёў выканаўчы дырэктар Apple Цім Кук.

Паводле яго слоў, гэта, несумненна, найлепшыя смартфоны з калі-небудзь выпушчаных кампаніяй Apple.

Яны з'явяцца ў продажы19 верасня.

Пачатковая цана iPhone 6 (з кантрактам на два гады) — 199 даляраў, а iPhone 6 Plus на 100 даляраў даражэй. Гэта ў Амерыцы. 

Цана без кантракта пачынаецца ад $649, на iPhone 6 Plus - ад $749

Напрыклад, паведамляецца, што ў Расіі смартфоны будуць каштаваць 32 і 37 тыс. расійскіх рублёў адпаведна (г.зн. 9,05—10,4 млн беларускіх).

Версіі смартфона з памяццю ў 32 гігабайты ў новым пакаленні няма — толькі на 16, 64 і на 128 ГБ.

Новыя смартфоны адрозніваюцца ад свайго папярэдніка iPhone 5S, сярод іншага, выгнутымі бакамі, наяўнасцю новага працэсара A8, які ў 84 разы хутчэйшы за папярэдні, і палепшаным акумулятарам, паведамляе tvrain.ru.

Колькасць кропак дысплея IPhone 6 — больш чым мільён пікселяў, а ў iPhone 6 Plus — два мільёны, што ўдвая больш, чым экран iPhone 5S. Хуткасць аўтафокусу ў новага смартфона таксама вырасла ў два разы.

Акрамя таго, памер панарам быў павялічаны да 43 мегапікселяў.

Аднак камера ў IPhone 6 засталася 8-мегапіксельнай, як і ў яго папярэдніка. Зрэшты, у камеры iPhone 6 Plus ёсць аптычная стабілізацыя. Новы смартфон можа здымаць відэа ў 1080p пры 60 кадрах. Хуткасць slow-motion замарудзілі ў два разы — да 240 кадраў у секунду замест 120.

Таксама на прэзентацыі паведамілі, што новая аперацыйная сістэма iOS 8 выйдзе 17 верасня.

Яна будзе даступная для ўсіх смартфонаў, пачынаючы з пакалення 4S, а таксама для плэера iPod touch 5, усіх планшэтаў iPad mini і iPad, акрамя самага першага планшэта, выпушчанага Apple.

Акрамя таго, кампанія прадставіла ўласную аплатную сістэму Apple Pay, якая будзе працаваць з дапамогай NFC-чыпа. 

У заключэнне Кук прэзентаваў абсалютна новы прадукт кампаніі — гадзіннік Apple Watch.

Гаджэт будзе даступны ў некалькіх колерах, таксама будзе версія з золата. Гадзіннік сярод іншага падтрымлівае функцыю галасавых паведамленняў, якія, на думку Apple, у хуткім часе могуць стаць асноўным сродкам камунікацыі.

LA Times паведамляе, што цана гадзінніка — ад 349 даляраў у Амерыцы, прадавацца ён пачне з пачатку 2015 г.

Прэзентацыя прайшла ў «Флінт-Цэнтры» у Каліфорніі ў 20:00 па Мінску. За некалькі гадзін да гэтага Apple часова закрыла сваюінтэрнэт-краму.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?