Налібоцкая пушча – гэта ўнікальны гісторыка-прыродны арганізм, час фармавання якога прыйшоўся на ХVІ–ХVІІ стст. Яго афармленню істотна паспрыяла працяглае знаходжанне ў руках аднаго магнацкага роду – Радзівілаў.

 

Дзякуючы вылучэнню яе ў аўтаномную адзінку ў сістэме ляснога гаспадарання Радзівілаў, пушча захавалася як цэлае не толькі на карце, але і ў гістарычнай свядомасці насельніцтва.

У ВКЛ права прыватнай уласнасці распаўсюджвалася не толькі на ворную зямлю, але таксама і на лясы разам з іх багаццямі. У 2-й пал. XV – 1-й пал. XVI ст. Налібоцкая пушча знаходзілася ў руках розных уладальнікаў, прычым большая частка зямель і лясоў належала Кежгайлам.

Налібакі (Налібокі) вядомыя з 1447 г., у гэты час тут ужо існаваў касцёл. У 1451 г. віленскі кашталян Пётр Сенька Гедыголдавіч запісаў у тэстаменце маёнтак Налібакі сваёй жонцы Мілохне з Кежгайлаў. У руках Кежгайлаў Налібакі знаходзяцца з 1485 г. да сярэдзіны XVI ст. З другога боку, вядома, што ў 1517 г. маёнтак Налібакі (магчыма, частка) быў перададзены вялікім князем Жыгімонтам «на вечнасць» Барбары Станіславе Кішчынай, удаве кіеўскага ваяводы Юрыя Радзівіла. Пасля смерці ў 1554 г. апошняга з Кежгайлаў, Станіслава, маёнтак пераходзіць да іх нашчадкаў з радоў Завішаў і Шэметаў.

Працэс канцэнтрацыі зямель Налібоцкай пушчы ў руках магнацкага роду Радзівілаў распачаў адзін з найвыбітнейшых яго прадстаўнікоў Мікалай Радзівіл Чорны, выкупіўшы ў 1555 г. У Шэметаў і Завішаў мястэчка Налібакі з прыналежнымі да іх землямі і лясамі. У 1586 г., падчас падзелу радзівілаўскіх уладанняў паміж трыма галінамі роду і ўтварэння нясвіжскай, клецкай і алыцкай ардынацый, Налібакі патрапілі ў склад апошняй, уладальнікам якой стаў Станіслаў Радзівіл. Але ўласна Налібакі былі толькі адной складовай велізарнай пушчы, значная частка якой да самага канца ХVІ ст. знаходзілася ў руках іншых фаміліяў.

Кежгайлам належала спачатку таксама значная частка і Дзераўнянскай пушчы. У 1525 г. вялікі князь Жыгімонт І Стары даў дазвол Мікалаю Кежгайлу на заснаванне ў Дзераўной мястэчка. Пасля смерці ў 1554 г. Станіслава Кежгайлы маёнтак перайшоў да Яна Андрэевіча Завішы. Пасля смерці ў 1557 г. Яна Завішы Дзераўная засталася ў яго жонкі Яўфіміі Еўфрасінні з Вярбіцкіх, якая мела там ад дзядзькі, Вацлава Вярбіцкага, запісанымі 1400 коп грошай літоўскіх, таму магла спадзявацца на вяртанне не толькі пасагу, але і на мужавы маёнткі. У 1562 г. яна паўторна выйшла замуж за Андрэя Вішнявецкага, якому запісала ўсе свае ўладанні, у тым ліку Дзераўную, а таксама атрыманы ў спадчыну ад бацькі, Юрыя Венцлавовіча Вярбіцкага, хатаўскі фальварак Сувяркоўшчына. Аднак вядома, што князю Андрэю належалі і іншыя хатаўскія ўладанні (у 1567 г. згаданыя Хатава і Отмыт).

У 1569 г. Андрэй Вішнявецкі звяртаўся да Мікалая Крыштафа Радзівіла з прапановаю прыслаць слугу для размежавання паміж яго маёнткам Дзераўная і радзівілаўскімі Налібакамі. 25 лістапада 1584 г. малодшая, 15-гадовая дачка Вішнявецкіх, Эльжбета (Гальшка) Яўфімія, выйшла ў Дзераўной замуж за Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіротку, старэйшага за яе на 20 гадоў. Гальшка атрымала ў спадчыну пасля бацькоў пераважна матчыны ўладанні: мястэчка Дзераўная з фальваркамі Хатава, Дзеражная і Востраў. Так гэтыя абшары таксама перайшлі да Радзівілаў. Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка працягнуў распачатае бацькам збіранне Налібоцкай пушчы. Маёнткі Дзераўная і Хатава ў 1594–1595 гг. ён далучыў да сваёй нясвіжскай ардынацыі, часткова атрымаўшы, як было згадана вышэй, у пасагу ад жонкі Эльжбеты Яўфіміі, часткова набыўшы ў Мікалая Русецкага. У выніку асноўная частка пушчы апынулася ў складзе радзівілаўскіх латыфундый, але, нягледзячы на гэта, працэс фармавання Налібоцкай пушчы як адзінага гаспадарча-адміністрацыйнага арганізму быў далёкі ад завяршэння. Яна па-ранейшаму была падзелена паміж рознымі ўладаннямі, найперш нясвіжскай і алыцкай ардынацыямі Радзівілаў.

У 1599 г. памірае, не пакінуўшы нашчадкаў, Станіслаў Радзівіл, першы алыцкі ардынат, уладальнік Налібак. Яго землі пераходзяць да складу нясвіжскай ардынацыі, што фактычна аб’яднала Налібоцкую пушчу. Але нясвіжскія ардынаты не разглядалі гэтыя ўладанні як адно цэлае. Прыкладам гэтага можа служыць перадача Мікалаем Крыштафам у 1601 г. дзераўнянскіх уладанняў свайму сыну Жыгімонту Каралю, які валодаў імі да 1636 г., пакуль не саступіў маёнтак свайму роднаму брату Аляксандру Людвіку. Фактычна падзел на Налібоцкую, Дзераўнянскую і Хатаўскую пушчы, пазней пушчы-падлавецтвы, захоўваўся і далей.

Трэба меркаваць, эканамічны і дэмаграфічны крызісы, якія суправаджалі войны сярэдзіны ХVІІ – пачатку ХVІІІ стст., даволі моцна адбіліся на эканамічным патэнцыяле пушчы. Дакументаў за гэты час захавалася зусім няшмат. Як адзначае выбітны беларускі даследчык В.І. Мялешка, «на пачатку (ХVІІІ – Дз.К.) стагоддзя ў гэтай галіне вытворчасці (лясныя промыслы – Дз.К.) меліся вялікія цяжкасці з працоўнай сілай, выкліканыя новымі ваеннымі спусташэннямі, але, пачынаючы з 30–40-х гадоў, сітуацыя заўважна змянілася ў лепшы бок і лясныя распрацоўкі сталі праходзіць больш паспяхова». Апошняе выказванне ў пэўнай ступені тычыцца і Налібоцкай пушчы. Менавіта з сярэдзіны XVIII ст. пачынаецца найбольш актыўная распрацоўка і выкарыстанне эканамічнага патэнцыялу пушчы. Гэтым жа часам – пачынаючы з сярэдзіны стагоддзя – датуецца большасць гаспадарчых дакументаў.

Адміністрацыя і ўраднікі

Лясной справай у радзівілаўскіх землях загадваў генеральны лоўчы. У яго падпарадкаванні знаходзіліся лоўчыя, што, у сваю чаргу, кіравалі найбольш дробнымі ляснымі ўраднікамі – падлоўчымі. Асноўнымі генеральнымі лавецтвамі ў радзівілаўскіх уладаннях былі: 1) генеральнае лавецтва Нясвіжскага княства, у якое ўваходзіла Налібоцкая пушча; 2) генеральнае лавецтва Слуцкага і Капыльскага княстваў; 3) генеральнае лавецтва Біржанскага княства; 4) генеральнае лавецтва Алыцкага і Чартарыйскага княстваў (генеральнае лясніцтва).

Рэзідэнцыя генеральнага лоўчага Нясвіжскага княства месцілася ў Нясвіжы. Адсюль ён рассылаў шматлікія загады і распараджэнні, вёў перапіску з лоўчымі і падлоўчымі. У адной інструкцыі ён названы як «генеральны камісар пушчаў, псяроў, і гушчароў, таксама псярняў». Генеральны лоўчы фактычна выступаў у якасці сувязнога звяна паміж непасрэднымі кіраўнікамі лясной справы ў буйных гаспадарча адміністрацыйных адзінках і ўладальнікам ардынацыі. Ён мог спалучаць сваю пасаду з урадам камісара, такім чынам у адных руках канцэнтравалася вышэйшая лясная гаспадарчая ўлада і мясцовы сілавы апарат. Ва ўмовах неспакойнага ХVIIІ ст. гэта было асабліва актуальна.

Усе радзівілаўскія лясы, што ляжалі ў межах Наваградскага і Менскага ваяводстваў, а таксама Ашмянскага і Лідскага паветаў Віленскага ваяводства, складалі адно вялікае лавецтва. Яно не мела дакладнай назвы, і лоўчы, які стаяў на яго чале, перыядычна тытулаваўся то як «лоўчы пушчаў Наднёманскіх, Налібоцкіх, Дакудаўскіх, Койданаўскіх і іншых», то як «лоўчы пушчаў Занёманскіх і Наднёманскіх», а часам і проста «лоўчы пушчаў, якія ляжаць у Менскім і Навагародскім ваяводствах, у Ашмянскім і Лідскім паветах». Гэтае вялікае лавецтва, у сваю чаргу, падзялялася на цэлы шэраг падлавецтваў: Мірскае, Нясвіжскае, Ліпічанска-Беліцкае, Ляхавіцка-Ленінска-Чучавіцкае, Койданаўскае, Дакудаўскае, Дзяляціцкае, Налібоцкае, Дзераўнянскае, Хатаўское, Аталезскае і інш. На чале кожнага падлавецтва стаяў асобны падлоўчы. Занёманскі і Наднёманскі лоўчы меў сваю рэзідэнцыю ў Налібаках, што рабіла гэтае мястэчка цэнтрам адной з самых значных лясных адзінак радзівілаўскіх зямель. Гэты ўрад лічыўся вельмі прэстыжным, але і адказнасць на ім была вельмі вялікая. Лоўчы мусіў быць не толькі добрым арганізатарам, але і гаспадарнікам, каб забяспечваць сталы эканамічны эфект. Так, адсутнасць належных прыбыткаў стала ў 1774 г. прычынай зняцця з пасады рэвізорам Барталамеем Пятровічам налібацкага лоўчага Гната Карыбскага.

На такія высокія ўрады, як лоўчы і генеральны лоўчы, прызначаліся асабліва давераныя асобы з ліку набліжаных да Радзівіла. Кандыдат на пасаду лоўчага павінен быў адпавядаць наступным крытэрыям: «…трэба для пільнавання яе (пушчы – Дз.К.) чалавека здатнага і які яе ведае, каб пастаянна там жыў, бо стральцы і леснікі гэтай пушчы не дадуць рады падданым і зямянам, якія жывуць распусна …». Сувязь лоўчага з генеральным лоўчым трымалася на штомесячных справаздачах. У сваю чаргу генеральны лоўчы, на аснове атрыманых ад падначаленых звестак, рэгулярна рыхтаваў рапарты і калькуляцыі для Радзівіла.

Налібацкі падлоўчы, у адпаведнасці са сваім больш нізкім статусам, быў паселены бліжэй да непасрэдных падначаленых, ва ўрочышчы Бродным; дзераўнянскі – у Наднёманскай Слабадзе (цяпер в. Сіняўская Слабада Карэліцкага раёна); хатаўскі жыў у Жукоўшчыне (сёння – у складзе в. Старына Стаўбцоўскага раёна). Падлоўчыя, як і астатнія лясныя ўраднікі, прызначаліся лоўчым ці генеральным лоўчым з асабліва давераных асобаў.

У некаторых рэгіёнах падлоўчыя мелі найменне ляснічых (усходнія паветы ВКЛ) ці стражнікаў (Заблудаўскае і Бельскае графствы). Яны стаялі на чале, адпаведна, падлавецтваў, лясніцтваў, стражніцтваў і падпарадкоўваліся напрамую лоўчаму, а праз яго генеральнаму лоўчаму і ардынату. Асноўная сутнасць падлавецкіх функцый заключалася ў кантролі за сваімі падначаленымі: стральцамі, леснікамі, асочнікамі, баброўнікамі, бортнікамі і інш. Усё, што выконвалі лясныя слугі, павінна было знаходзіцца пад пільным кантролем падлоўчых, таму не было такой галіны лясной дзейнасці, у якой бы яны дасканала не разбіраліся. Для якаснага выканання сваіх абавязкаў падлоўчыя павінны былі падрабязна ведаць кожны куток сваіх падлавецтваў і як найчасцей рабіць аб’езды розных лясніцкіх і стралецкіх дзялянак, ажыццяўляць кантоль на будах, сплавах таварнага дрэва, кантраляваць пасекі і г.д. Часам праверкі павінны былі мець неспадзяваны для падначаленых характар, але мусілі праводзіцца і планавыя. Асобны раздзел абавязкаў падлоўчых заключаўся ў прадухіленні карупцыі, то бок хабарніцтва і злоўжыванняў шырока распаўсюджаных у той час, змаганне з усемагчымымі парушэннямі, п’янствам. Падлоўчыя мусілі дбаць пра дабрабыт панскага скарбу, за што маглі быць узнагароджаныя і прасунутыя па службе альбо пакараныя і пазбаўленыя панскай ласкі.

Да падлоўчага паступалі ўсе квіты, якія ён складаў, лічыў і перадаваў лоўчаму, а таксама рапарты ад лясных слугаў. Ён павінен быў неадкладна паведамляць начальнікам аб непарадках на месцах і, па магчымасці, вырашаць спрэчныя ці канфліктныя сітуацыі, звязаныя з лесакарыстаннем, ляснымі промысламі і прамысловасцю. Калі патрабавалася сілавая падтрымка, то падлоўчы звяртаўся па дапамогу да радзівілаўскага камісара.

Большасць вышэйпералічаных абавязкаў у роўнай ступені тычацца таксама лоўчых і генеральных лоўчых, толькі на ўзроўні больш буйных лясных адзінак.

Лоўчы і генеральны лоўчы рэгулярна кантралявалі дзейнасць падлоўчых і за няслушныя ўчынкі лясных слуг, пра якія той не ведаў ці якія хацеў схаваць ад правяраючых наўмысна, каралі менавіта падлоўчых. Падлоўчыя, як і стральцы, насілі адмысловыя падлавецкія мундзіры і атрымлівалі фіксаваны заробак.

Падобна да падлоўчага, лоўчы і генеральны лоўчы мусілі ажыццяўляць жорсткі кантроль над сваімі падначаленымі, рабілі рэгулярныя і раптоўныя праверкі, праводзілі рэвізіі і інш. Лоўчыя мелі ў сваім падначаленні стральцоў, якія выконвалі па іх загадзе розныя даручэнні, асноўным з якіх была дастаўка карэспандэнцыі службовага і прыватнага зместу. Да лоўчага і генеральнага лоўчага сцякаліся ўсе справаздачныя рахункі з месцаў, яны трымалі пад кантролем паляванне, лясную прамысловасць, пчалярства, экспарт таварнай драўніны, а таксама сялянскае і шляхецкае лесакарыстанне. Менавіта да іх звярталіся падлоўчыя з рапартамі і па загады. Лясныя ўраднікі мусілі самастойна вырашаць пытанні, якія ляжалі ў межах іх кампетэнцыі, і толькі калі праблема была занадта складанай, звярталіся напрамую да ардыната. Але на практыцы многія падлоўчыя і лоўчыя не ведалі зместу інструкцый і па розных дробязях, каб перастрахавацца, турбавалі Радзівіла. Апошні злосна дакараў тых за няведанне асноўных гаспадарчых дакументаў: «więc onego postąpić, nie zaś pytać się o iedno rzeczy dziesięć razy» (так што зрабіць гэта, а не пытацца па дзесяць разоў пра адно і тое ж).

Налібоцкая пушча, 1930-ыя гады

Налібоцкая пушча, 1930-ыя гады

Штат службоўцаў лавецтва складаўся са стральцоў, бортнікаў, асочнікаў, леснікоў, а таксама служкаў без пэўнага профілю. Усяго на 1778 г. у трох падлавецтвах Налібоцкай пушчы налічвалася 32 лясныя службоўцы, але два з іх сумяшчалі бортніцкую і асочніцкую службы, што было даволі шырока распаўсюджана па тым часе. З іх 15 чалавек ці 17 службаў прыходзіліся на Налібацкае падлавецтва: 8 стралецкіх, 5 бортніцкіх, 2 асочніцкія і 2 лясніцкія. 10 чалавек служылі ў Дзераўнянскай пушчы: 6 стральцоў, 3 бортнікі і 1 ляснік. У Хатаўскім падлавецтве іх налічвалася менш за ўсё: 3 стральцы, 1 бортнік, 1 ляснік і 2-е чалавек без пазначэння профілю абавязкаў.

Стральцы неслі варту ў найдрабнейшых адміністрацыйных лясных адзінках – стражах. Цэнтрам стражы была буда. Але стража магла буды і не мець. У Налібоцкай, Дзераўнянскай, Хатаўской пушчах было вызначана 10 месцаў для стралецкіх будаў. Яны не былі раскіданы раўнамерна па ўсёй тэрыторыі, а размяшчаліся пераважна ва ўрочышчах паблізу найбольш каштоўных бароў.

Штат лясных служачых даволі часта падвяргаўся пэўным зменам, што найперш было звязана з натуральнай пераемнасцю пакаленняў, але часам на гэта ўплывала і арганізацыя розных дадатковых прадпрыемстваў у падлавецтвах. У 1779 г., у адпаведнасці з адмысловым загадам, у падлавецтве было зладжана адразу тры буды, што пацягнула за сабой арганізацыю дадатковых службаў.

Новы падлоўчы, лоўчы ці генеральны лоўчы маглі прыходзіць са сваёй ужо складзенай камандай, у такім выпадку старыя ўраднікі або слугі пазбаўляліся сваіх абавязкаў.

Лясныя слугі

Большасць гістарычных даследаванняў вельмі вузка, на нашу думку, падыходзяць да разгляду пытанняў лясных слуг і ўраднікаў, акцэнтуючы сваю ўвагу пераважна на фармальным баку іх службовых абавязкаў, павіннасцях, памерах зямельных надзелаў і г.д.

За такім падыходам вельмі складана разглядзець рэальных людзей, гістарычная эпоха і асобы фармалізуюцца, ператвараюцца ў лічбы, колькасць дзён паншчыны на тыдзень, валокі і моргі. Не адмаўляючыся ад старой традыцыі, прапануецца асноўную ўвагу звярнуць не столькі на самі «службы» і «ўрады», колькі непасрэдна на людзей, што працавалі ў сістэме ляснога гаспадарання Радзівілаў, вызначалі яе твар у пэўную гістарычную эпоху.

Стральцы – адна з найбольш старажытных катэгорыяў лясных службоўцаў, вядомая на ўсходнеславянскіх землях як мінімум з першай трэці ХIV ст. У далейшым яна значна эвалюцыянавала. У ХVII–ХVIIІ стст. на землях Радзівілаў, у тым ліку і ў Налібоцкай пушчы, уяўляла сабой досыць маналітную, але не закрытую супольнасць прывілеяваных лясных службоўцаў ніжэйшага звяна (да якіх таксама адносіліся леснікі, асочнікі,

баброўнікі, бортнікі, стражнікі, звярыннікі і базантарнікі).

Прывілеяванасць стральцоў была абумоўлена паўвайсковым характарам іх службы. Па сутнасці, яны з’яўляліся лясной паліцыяй з вельмі шырокімі паўнамоцтвамі. Мелі права прымяняць агнястрэльную зброю супраць парушальнікаў, канфіскоўваць усе наяўныя пры парушальніку рэчы, затрымліваць і канваяваць яго да вязніцы. У сувязі з гэтым стралецкая служба спалучалася з істотнай асабістай небяспекай – часам на стральцоў нападалі, збівалі, нявечылі, часам нават забівалі. З гэтай прычыны асабістая бяспека стральцоў была надзейна абаронена радзівілаўскімі законамі. У Слуцкім княстве, напрыклад, за прычыненне фізічнай шкоды стральцу ці асочніку вызначалася пакаранне ў памеры 6 коп грошаў, а таксама 6 тыдняў адпрацовак з валом на гарадскім вале. Акрамя таго, стральцы маглі атрымаць пашкоджанні падчас паляванняў, абавязковымі ўдзельнікамі якіх з’яўляліся.

Каб вытрымліваць цяжкія службовыя абавязкі, кандыдат у стральцы павінен быў валодаць вялікай фізічнай сілай, моцным здароўем, умець карыстацца агнястрэльнай зброяй і дасканала ведаць мясцовыя лясы. Маёмасны стан мусіў дазваляць стральцу ўтрымліваць коней і мець стрэльбу, але заможных сялян набіраць на службу было забаронена. Іншымі словамі, стральцы былі прадстаўлены сельскімі сераднякамі.

Падчас нясення службы стралец адсутнічаў дома – быў заняты пільнаваннем пушчы, будаў, уваходаў і іншымі абавязкамі. Шматдзённыя конныя аб’езды лясных тэрыторый былі няпростымі, патрабавалі мужнасці і ўмення выжываць у экстрэмальных прыродных умовах. Стралец меў магчымасць адмовіцца ад службы, у такім выпадку яго пераводзілі на паншчыну. У іншых выпадках ад службы стральца вызваляла толькі прафесійная неадпаведнасць: старасць, беднасць, атрыманне цяжкіх фізічных пашкоджанняў ці рэгулярнае ігнараванне сваіх службовых абавязкаў.

У стральцы набіралі перш за ўсё маладых людзей з ліку княскіх прыгонных, пераводзячы іх на стралецкія валокі. Але стральцамі маглі быць і збяднелыя шляхціцы. Часта здаралася так, што служба перадавалася ад бацькі да сына, набываючы, такім чынам, характар спадчыннай. Усе дарослыя мужчыны ў сям’і маглі быць стральцамі, асочнікамі ці леснікамі. Колькасць стралецкіх службаў у кожнай пушчы была дакладна вызначана, як і тыя месцы, дзе стральцы павінны былі жыць і несці варту. Калі колькасць стральцоў па нейкіх прычынах змяншалася, то адмысловым загадам ардыната ці генеральнага лоўчага абвяшчаўся добраахвотны набор у стралецкія шэрагі. Кандыдат на службу сутыкаўся з сур’ёзнай дылемай. З аднаго боку, ён і ягоная сям’я атрымлівалі значныя падатковыя паслабленні, вызваляліся ад паншчыны (з сярэдзіны ХVIIІ ст. атрымлівалі фіксаваны заробак), падвышалі свой сацыяльны статус; а з іншага боку, рабіліся ізгоямі ў асяродку аднавяскоўцаў, з якімі раней разам хадзілі ў панскі лес красці дровы, будаўнічую драўніну, рабіць незарэгістраваныя пасекі, борці, церабіць лес пад пашы і сенажаці. Цяпер жа новаспечаныя стральцы пад карай і пагрозай страціць панскую ласку былі абавязаныя адсочваць незаконнае лесакарыстанне і прадухіляць яго, кантраляваць лясныя ўваходы.

Стральцы ўваходзілі ў лік прафесійных паляўнічых. На працягу ўсёй сваёй службы яны практычна ніколі не раставаліся са стрэльбай і лічыліся найбольш дасведчанымі стралкамі ў дзяржаве. На штогадовых паляваннях яны, разам з леснікамі і асочнікамі, складалі прафесійны набор паляўнічых, былі абавязковымі ўдзельнікамі радзівілаўскіх парадных паляванняў. Акрамя таго, на працягу года праводзілі адлоў маладых звяроў для звярынцаў і птушак для базантарняў. Штотыдзень яны павінны былі ў абавязковым парадку здаваць па тры птушкі, а раз на год – куніцу. Калі па нейкіх прычынах не было магчымасці здаць лоўчаму свежыя тушкі забітых птушак, то стралец мусіў плаціць у тыдзень па 18 грошаў – менавіта ў такую суму ацэньвалася мінімальная карысць ад палявання кожнага стральца. У пэўных месцах каля вёсак яны штогод капалі лісіныя і воўчыя ямы, ставілі пасткі, удзельнічалі ў адстрэле пушных звяроў для патрэбаў радзівілаўскага скарбу. Усіх злоўленых жывых звяроў і ўсё футра мусілі здаваць падлоўчаму праз свайго стралецкага дзесятніка.

Акрамя паляўнічай, стральцы выконвалі таксама і ахоўніцкія функцыі, ці, іншымі словамі, пільнавалі лес і лясныя прадпрыемствы – буды. Ад кожнай вёскі ў лес павінна была весці толькі адна дарога ці адна дарога да лесу для некалькіх вёсак. Новыя дарогі і сцежкі пракладаць было строга забаронена, бо іначай гэта істотна ўскладніла б кантроль за ўваходамі ў панскі лес і карыстаннем яго багаццямі. Новапракладзеныя сцежкі было загадана засякаць. Лясы былі амаль непралазнымі, таму перамяшчацца па іх можна было выключна па агульнавядомых сцежках ці гасцінцах, якія і пільнавалі стральцы. Звычайна іх сялілі па берагах пушчы, недалёка ад месцаў нясення службы. На такіх вартавых пунктах маглі выстаўляцца адмысловыя будынкі-вартоўні, дзе стральцы жылі падчас нясення службы. Тут, на ўваходах у лес, яны запісвалі імя і прозвішча кожнага, хто ўваходзіць у пушчу, і з якой мэтай, а таксама што, колькі і адкуль вывозіць (дровы, будаўнічую драўніну і інш).

Службоўцы кожнай пушчы выдавалі падданым Радзівілаў адмысловыя папяровыя квіты (аналаг купонаў). Кожная пушча мела квіты свайго колеру, а таксама свой адрозны ад іншых «знак». Пад знакам, відаць, на ўвазе маецца пэўнае кляйно ці герб. Налібоцкая пушча ў канцы ХVI ст. была памечана кляйном у выглядзе трох засечак («тры урубы»), якое належала ў 1582 г. нясвіжскаму і алыцкаму ардынату Станіславу Радзівілу. У 1582 г. сваяк Станіслава Радзівіла, троцкі ваявода і польны гетман ВКЛ Крыштаф Радзівіл, уладальнік суседніх лотаўскіх зямель, паспрабаваў захапіць частку Налібоцкай пушчы, перанёсшы мяжу і паставіўшы паверх старых клейнаў уласныя знакі – «в месецу один урубъ», а таксама памеціў 6 водступаў іншым, крыжападобным знакам.

Стралец прымаў квіты толькі сваёй пушчы. Селянін аддаваў квіт стральцу, а за яго вывозіў патрэбную колькасць лесаматэрыялаў ці дроваў. Стралец павінен быў адразу па атрыманні пагасіць квіт (ці білет), надарваўшы яго, каб той не мог быць скарыстаны ў другі раз.

Усе надарваныя квіты паступалі да падлоўчага, дзе захоўваліся да месячнай і гадавой калькуляцыі, пасля чаго, напэўна, знішчаліся. У розныя часы за парушэнні лесакарыстання былі свае пакаранні. Так, у 1662 г. у Слуцкім і Капыльскім княствах за знаходжанне на незарэгістраванай у рэестрах дарозе чалавека належала канваяваць да вязніцы ў Слуцк. Парушальнік павінен быў заплаціць штраф у памеры 2 коп літоўскіх грошаў, з якіх 1 капа ішла да скарбу Радзівіла, а другая дзялілася пароўну між лоўчым і тым, хто данёс пра парушэнне. Калі трапляўся бедны чалавек, які пра гэтыя забароны не ведаў, то павінен быў адсядзець ноч пад арыштам і заплаціць 2 грошы штрафу, а калі бедны чалавек ведаў пра забарону, то ў якасці пакарання павінен быў адпрацаваць улетку 4 дні з валом на пана, а ўзімку 4 дні на двор. Таксама парушальнік губляў усе асабістыя рэчы, што меў пры сабе ў лесе на месцы злачынства.

Найбольш старанны стралец мог разлічваць у канцы года на ўзнагароду, што выдавалася ў выглядзе грашовай прэміі. Так, у 1798 г. тры звярыннікі: Шымкоўскі, Марцішонак і Тындук, якія вызначыліся па службе, былі ўзнагароджаны сумай па 230 злотых кожны, а заслужаны паляўнічы Якуб Зязюля атрымаў 144 злотых. Але стралец, які не выконваў свае абавязкі належным чынам, мог быць пазбаўлены службы, заплаціць штраф, трапіць у турму і інш.

Стральцы неслі сваю варту ўдвух. Пільнаванне пушчы было іх першасным абавязкам, на другім месцы стаяла пільнаванне будаў. Справа ў тым, што пры дэфіцыце стральцоў узнікаў выбар: даслаць іх на пільнаванне буды ці пушчы, і звычайна перамагаў другі варыянт. Два стральцы жылі ў будзе два тыдні, пасля ім на змену прыходзіла наступная стралецкая каманда, а тыя выпраўляліся на лясныя аб’езды і пільнаванне ўваходаў.

Стральцы былі не проста лясной вартай ці элітнымі паляўнічымі, яны таксама ўтваралі адмысловыя атрады паліцэйскага ці нават вайсковага кшталту. Акрамя згаданых дзесятнікаў, якія прызначаліся старэйшымі над 4–13 і больш стральцамі і стражнікамі (тэрмін «дзесятнік» ужываўся, відаць, па традыцыі і абазначаў у гэты час старэйшага стральца), сярод іх былі таксама і вайсковыя званні. Вядома пра існаванне стралецкіх паручніка і ротмістра. Г.зн., стральцы аб’ядноўваліся ў харугвы. Маюцца таксама звесткі пра існаванне ў валынскіх маёнтках Радзівілаў «швадрону надворных стральцоў». Так, у 1771 г. ротмістрам швадрону надворных стральцоў на Валыні і генеральным ляснічым у Алыцкім і Чартарыйскім княствах быў Павел Кулеша. Яму выдаваліся адмысловыя прадпісанні, якіх той павінен быў прытрымлівацца. Па змесце яны нагадваюць інструкцыі лоўчым і падлоўчым, але ў іх акцэнт больш робіцца на сілавых паліцэйскіх функцыях: адсочваць парадак ў водступах і гушчарах, не дапускаць незаконных паляванняў пасэсараў, сялян і іншых абывацеляў, адсочваць і прадухіляць хабарніцтва ў асяродку стральцоў і леснікоў і інш.

Але якое было прызначэнне гэтага швадрону, высветліць пакуль складана. Тэарэтычна, ён мог выконваць цырыманіяльныя функцыі, з’яўляцца паліцэйскім злучэннем альбо выступаць як вайсковая адзінка.

Сам вонкавы выгляд стральца паказваў, што той увасабляе ўладу, закон і парадак, выклікаў аўтарытэт і павагу, на зламыснікаў наводзіў страх. Апранутыя ў адмыслова пашытыя стралецкія суконныя мундзіры, аднолькавага выгляду капелюшы, узброеныя нямецкімі гусарскімі палашамі, а таксама крамянёвымі пісталетамі і стрэльбай, яны павінны былі нават псіхалагічна падаўляць любое памкненне парушыць закон.

Стральцы выкарыстоўваліся часцей за іншых лясных служкаў для дастаўкі лістоў. Для выкарыстання стральца на пасылкі ўласнай дакументацыі лоўчы павінен быў кампенсаваць скарбу страты ў памеры аднаго злотага ў дзень.

Колькасць стральцоў Радзівілаў у розных рэгіёнах краіны не была аднолькавай і вагалася. У часы крызісаў і ваенных ліхалеццяў здаралася так, што некаторыя падлавецтвы аказваліся цалкам без лясной стралецкай варты. Падчас непрыяцельскіх нападаў іх мабілізавалі на абарону замкаў. У 1717 г. на абарону слуцкай фартэцыі са Слуцкага і Капыльскага княстваў было прызвана больш за 117 стральцоў (захаваліся прызыўныя спісы стральцоў Капыльскага княства, але, відаць, толькі часткова). Для параўнання, у 1771 г. у рэестравых спісах Слуцкага і Капылькага княстваў было ўлічана 42 стральцы, 12 дзесятнікаў, 89 стражнікаў, 8 баброўнікаў, 1 звярыннік і 1 каваль. Відавочна, што колькасць стральцоў такая малая па прычыне іх недабору. Менавіта гэты недагляд стане адной з прычынаў крызісу, што ахапіў гэтыя княствы і ўсе землі Караля Станіслава Радзівіла ў 1772–1777 гг., калі ў іх межах былі знішчаны два звярынцы, а таксама нанесена значная шкода лясам і паляўнічым водступам.

Комплекс абавязкаў леснікоў і асочнікаў перасякаўся са стралецкімі. Гэта было абумоўлена перш за ўсё неабходнасцю і сезонным характарам асноўных профільных абавязкаў леснікоў і асочнікаў. Спецыяльных інструкцый леснікі, асочнікі, бортнікі і баброўнікі, у адрозненні ад стральцоў і падлоўчых, не мелі, таму асноўныя звесткі пра іх службовыя абавязкі прыходзіцца вылучаць з іншых дакументаў, перш за ўсё інструкцый лоўчым, падлоўчым, а таксама рознага кшталту загадаў, рэзалюцый і інш. Леснікі лічыліся паляўнічымі і ахоўнікамі пушчаў. Для выканання сваіх абавязкаў яны мелі стрэльбу, з якой палявалі на мядзведзяў, дзікоў, ваўкоў, лісаў, выдраў і іншых звяроў. Да іх даводзіліся сезонныя нарматывы па колькасці ўпаляваных звяроў і птушак.

Другім, не менш значным абавязкам леснікоў было пільнаванне лясоў, палявых гушчароў, абыходаў, водступаў, гаёў і бароў з таварнай драўнінай. Яны здзяйснялі рэгулярныя абыходы сваіх участкаў, пісалі рапарты падлоўчым, ляснічым, стражнікам ці лоўчым (у залежнасці ад рэгіёну). Кожны ляснік меў пры сабе спецыяльную «кніжачку лесніка», у якой падлоўчы адзначаў свае кантрольныя праверкі стану лясніцкіх дзялянак, што адбываліся ў сярэднім 6–7 разоў на год. Адной з мэтаў такога кантролю была праверка адпаведнасці рапартаў і наяўнай сітуацыі ў лясах. Леснікі і асочнікі, як і стральцы, маглі збіраць квіты на права ўваходу ў пушчу, кантраляваць сялянскае лесакарыстанне – сачылі за тым, каб радзівілаўскія сяляне ці прывілеяваныя карыстальнікі лясных багаццяў не прадавалі атрыманае на ільготных умовах (ці бясплатнае) дрэва. Увесну павінны былі адсочваць пажары і ў выпадку чаго паведамляць пра іх адміністратарам бліжэйшых двароў. На тушэнне лясных пажараў сяляне як адзін выходзілі цэлымі валасцямі. Леснікі разам са стральцамі і асочнікамі будавалі новыя і рамантавалі старыя псярні, будавалі ў лясах тэатры для параднага княскага палявання.

Павіннасці леснікоў, стральцоў і асочнікаў абмяжоўваліся выплатай чыншу і падымнага, а таксама, часам, падводнай павіннасцю. У дакументах кожны раз падкрэсліваецца выключная прывілеяванасць леснікоў, асочнікаў і стральцоў перад цяглымі сялянамі, але за гэта яны павінны былі пільна і адказна ставіцца да сваіх службовых абавязкаў, выконваць усе загады начальнікаў. Яны знаходзіліся ў падпарадкаванні лоўчага, адміністратарам маёнткаў было строга забаронена прыцягваць іх да якіх-небудзь дваровых працаў. На гэтай глебе часта адбываліся канфлікты паміж лоўчым і эканомам. Арбітрамі прыходзілася выступаць упаўнаважаным асобам ардыната, рэвізорам ці нават самому Радзівілу.

Возера Кромань

Возера Кромань

Леснікоў, што адслужылі сваё, княская лясная адміністрацыя не пакідала на волю лёсу. Прымаліся пэўныя захады для забеспячэння ветэранаў лясной службы – ім перадавалася канфіскаваная маёмасць парушальнікаў, забраная ў лесе на месцы злачынства (у першую чаргу – коні і валы). У многіх рэестрах лясных службоўцаў ніводным словам не ўзгадваюцца леснікі. Замест іх значны працэнт складаюць стражнікі, яны ж ўзгадваюцца і ў іншых дакументах. Трэба меркаваць, што абавязкі стражнікаў не асабліва адрозніваліся ад лясніцкіх.

Асочнікі – адна з асноўных катэгорый прафесійных паляўнічых. Яны адказвалі за высочванне звяроў у лясах, сачылі за іх перасоўваннем з пушчы ў пушчу і вызначалі найлепшыя месцы для паляванняў, выконвалі абавязкі следапытаў. Паляўнічы сезон пачынаўся ўзімку і цягнуўся да сяўбы – гэта быў найбольш напружаны для іх час, калі трэба было здаваць лоўчаму кожныя два тыдні падрабязныя рапарты аб стане ўсіх сталых звярыных нораў, логаваў, бабровых хатак, птушыных гнёздаў і інш. Калі аб’ём інфармацыі ад нейкага асочніка не задавальняў начальнікаў, то лічылася, што той дарэмна карыстаецца асочніцкімі вольнасцямі і патрабуе пакарання за лайдацтва. Яго маглі прымусіць заплаціць штраф у памеры 6 коп літоўскіх грошаў. За лайдацтва, халатнасць ці недагляд асочніка маглі пакараць бізуном, валовай працай, але найбольш суровым пакараннем лічылася пазбаўленне асочніцтва. Каб чымсьці заняць асочнікаў паміж паляўнічымі сезонамі, ім загадвалі рыхтаваць па лясах борці і калоды для панскіх пасекаў і дбаць пра іх засяленне пчоламі.

Захоўвалася традыцыйная асочніцкая іерархія. Вызначаўся старэйшы асочнік, якому падпарадкоўваліся малодшыя, як і ў выпадку з леснікамі, старэйшым над якімі лічыўся ляснічы. Часта асочнікі выконвалі свае абавязкі супольна з баброўнікамі: «баброўнік і асочнікі павінны пільна даглядаць, каб бабры не былі ад падданых альбо ад каго-небудзь бітыя». Гэта цалкам лагічна, бо адным з асноўных абавязкаў асочнікаў было трымаць пад жорсткім улікам усе бабровыя хаткі, паведамляць пра выпадкі незаконнага палявання на баброў, а таксама норак, выдраў, куніцаў і іншых каштоўных футравых звяроў.

Баброўнікі вельмі блізкія па сваёй профільнай скіраванасці да асочнікаў, з тым, бадай, выключэннем, што яны больш спецыялізаваліся на бабровым, кунічным, выдравым і норкавым паляванні. Яны мусілі, як і стральцы, леснікі і асочнікі паляваць на пералічаных вышэй футравых звяркоў, адлоўліваць іх для звярынцаў. Баброўнікі карысталіся ў сваёй дзейнасці адмысловымі пасткамі, сачылі за перамяшчэннем баброў і захаваннем іх папуляцыі на належным узроўні, абаранялі гоны ад незаконнага палявання. Баброўнікі гадавалі спецыяльных бабровых сабак і рыхтавалі да палявання бабровыя сеткі. Аб усіх упаляваных ці адлоўленых звярах складалі справаздачы перад лоўчым ці падлоўчым. Старэйшым над баброўнікамі лічыўся баброўнічы.

Бортнікі на панскай службе павінны былі вырабляць борці і калоды, засяляць іх новымі раямі, абараняць пасекі ад зламыснікаў і інш. Акрамя бортнікаў-службоўцаў, якіх рэестры ў многіх пушчах не фіксуюць наогул, існавалі таксама звычайныя сяляне-бортнікі. Маючы пасекі, яны ў адпаведнасці са старажытным звычаем, які ўпершыню фіксуецца ў пачатку другой трэці ХVІ ст. на Падзвінні, павінны былі аддаваць палову сабранага мёду (палавічнае) ў выглядзе падатку да радзівілаўскага скарбу. Гэта выклікала масавае ўкрывальніцтва борцяў, але ад такой жорсткай практыкі падаткаабкладання і ў ХVІІІ ст. феадалы звычайна не адступалі. Кожны год адбываліся спецыяльныя сходы сялянаўбортнікаў, плацельшчыкаў гэтага палавічнага падатку. Для гэтага ў лесе выбіралася месца, пра якое бортнікі апавяшчаліся загадзя.

На такія сходы запрашаліся таксама і прадстаўнікі адміністрацыі, што павінны былі на іх прадстаўляць інтарэсы мясцовага двара ці лавецтва. 6 верасня 1775 г. радзівілаўскі рэвізор на Падляшшы (верагодна, Барталамей Пятровіч), запрошаны на такі сход, даў яму наступнае апісанне: «… выехаў у пушчу да бортніцкага стану, што быў на вызначаным месцы. Там адбываўся сход бортнікаў і дзяленне належнага да скарбу палавічнага мёду, там жа пачалі перапісваць колькасць борцяў з пчоламі і пустых для падачы спісу па пунктах пану стражніку».

Яшчэ дзве цікавыя катэгорыі службоўцаў складалі звярыннікі і базантарнікі. Яны былі прымацаваныя да радзівілаўскіх звярынцаў і базантарняў і дбалі пра звяроў і птушак, падносілі ім корм, даглядалі, сачылі за справамі ў звярынцах і г.д. Мяркуючы па рэестрах, гэта была адносна нешматлікая катэгорыя слугаў. Вядома, што базантарнікі і звярыннікі служылі пажыццёва і многія былі сапраўды адданыя сваёй справе, цяжка перажывалі катаклізмы ХVIIІ ст., што сталі прычынай знішчэння многіх звярынцаў і базантарняў. У 1774–1775 гг. апошні базантарнік Альбаўскай базантарні, рызыкуючы жыццём, працягваў абараняць некалькі дзесяткаў фазанаў ад знішчэння расійскімі жаўнерамі. Базантарнікам нярэдка дапамагалі мясцовыя асочнікі і леснікі, якія касілі траву ў звярынцах, транспартавалі жывёл да загонаў і выконвалі іншыя работы.

Часам сустракаюцца выпадкі, калі лясныя служкі спалучалі некалькі службаў, напрыклад асочніцкую з бортніцкай ці стралецкую з лясніцкай. Беларускі гісторык А.Б. Доўнар тлумачыць гэта мэтазгоднасцю, маўляў, «у сувязі з падабенствам, роднасцю павіннасцяў розных катэгорый сялян-прамыславікоў уласнік уладання аб’ядноўваў іх пад адной назвай». І з такім меркаваннем можна пагадзіцца. У некаторых пушчанскіх рэестрах наогул адсутнічаюць пэўныя катэгорыі слугаў. У Налібоцкім, Дзераўнянскім і Хатаўскім падлавецтвах у 1778 г. не ўзгадваецца ніводзін баброўнік. Няўжо там ніхто не паляваў на баброў? – безумоўна палявалі. Профільныя абавязкі баброўнікаў былі, хутчэй за ўсё, размеркаваныя паміж леснікамі, асочнікамі і стральцамі. У гэтых жа падлавецтвах мы сустракаем усяго аднаго «чыстага» бортніка і яшчэ двух бортнікаў, якія спалучалі гэтую службу з асочніцкай, і гэта пры тым, што толькі ў адным Налібоцкім падлавецтве месцілася 6 пасек і 2 бары з борцямі. У Дзяляціцкім падлавецтве, напрыклад, узгадваюцца толькі стральцы і леснікі. А хто ж тады займаўся пасекамі, высочваў звяроў, лавіў баброў? Зразумела, што падлавецтва не мела права ігнараваць гэтыя промыслы і нехта гэтым павінен быў займацца абавязкова. Прычына хаваецца ў шырокай профільнасці ўсіх лясных служкаў ці, іншымі словамі, кожны з іх умеў усё ці амаль усё, што яскрава бачна на прыкладзе прапісаных у інструкцыях абавязкаў лясных слугаў. Ляснік мог лёгка падмяніць стральца, баброўніка ці асочніка і наадварот. Таму лясная адміністрацыя магла пайсці на такое службовае спалучэнне з мэтай эканоміі, а часам, верагодна, як на часовую меру да прызначэння спецыяльнага селяніна на тую ці іншую службу.

Граматнасць сярод сялянаў-слуг, перш за ўсё стральцоў, леснікоў, асочнікаў, была дастаткова высокай. Уменне пісаць і чытаць у некаторых выпадках было вырашальным пры прыёме селяніна на службу. Штотыдзень яны павінны былі самастойна пісаць рапарты падлоўчаму.

Налібоцкая пушча – гэта ўнікальны гісторыка-прыродны арганізм, час фармавання якога прыйшоўся на ХVІ–ХVІІ стст. Яго афармленню істотна паспрыяла працяглае знаходжанне ў руках аднаго магнацкага роду – Радзівілаў. Дзякуючы вылучэнню яе ў аўтаномную адзінку ў сістэме ляснога гаспадарання Радзівілаў, пушча захавалася як цэлае не толькі на карце, але і ў гістарычнай свядомасці насельніцтва.

У пушчы канцэнтравалася лясная прамысловасць (лесаздабыча і лесаапрацоўка) і промыслы (паляванне, баброўніцта, бортніцтва і інш.), якія былі адным з асноўных эканамічных складнікаў рэгіёна. Менавіта прадукты лесу былі адным з галоўных аб’ектаў экспарту на землях Радзівілаў, што ў значнай ступені і фармавала фінансава-палітычную магутнасць гэтага магнацкага роду.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?