Беларускія высокія чыноўнікі не любяць жыць побач з простымі грамадзянамі. Яны з радасцю пасяліліся ў выдзеленым ім раёне ў Драздах. Але кожны ахвотны можа паглядзець на дамы, якія належаць, напрыклад, прэм’ер-міністру Міхаілу Мясніковічу ці міністру замежных спраў Уладзіміру Макею. Ніякай таямніцы няма — ні высачэзных плотаў, ні аховы.

Ад выпадковых мінакоў спецслужбы хаваюць толькі афіцыйныя рэзідэнцыі Аляксандра Лукашэнкі. Іх статус прадугледжвае закрытасць ад чужых вачэй — кантрольна-прапускныя пункты, калючы дрот, відэаназіранне… Закрытымі ад грамадскасці застаюцца таксама звесткі пра тое, дзе і як жывуць сыны Аляксандра Лукашэнкі.

Перад кожнымі чарговымі прэзідэнцкімі выбарамі Аляксандр Лукашэнка мусіць перадаваць у Цэнтрвыбаркам дэкларацыю аб сваіх даходах, а таксама аб даходах тых, з кім ён пражывае. У 2006-м у дакумент былі запісаныя сыны Віктар і Дзмітрый. Паводле дэкларацыі, ніякай нерухомасці яны не мелі.

У аналагічным дакуменце за 2010-ы год з’явіўся малодшы сын Мікалай (дарэчы, народжаны ў 2004-м), але зніклі Віктар і Дзмітрый. Значыцца, старэйшы і сярэдні сыны сталі жыць асобна. Дзе? Невядома.

Абодва яны шматдзетныя бацькі, таму маглі б прэтэндаваць як мінімум на хуткае будаўніцтва кватэраў у спальных раёнах Мінска. Аднак у Каменнай Горцы, дзе найчасцей даюць такое жыллё, іх ніхто не бачыў.

Сярод уплывовых прадстаўнікоў беларускай улады і іншых асобаў, набліжаных да Аляксандра Лукашэнкі, магчымасць пабудаваць жыллё ў Драздах і Вяснінцы атрымалі амаль усе. Але і там прозвішча «Лукашэнка» сярод уласнікаў няма.

У сапраўды прававой рэспубліцы выключэнняў не павінна быць ні для каго, нават для кіраўніка дзяржавы і ягонай сям’і. Так, патрэбы бяспекі дыктуюць неабходнасць закрыцця пэўнай інфармацыі пра некаторых асобаў і некаторыя аб’екты ўласнасці. Але без перабору.

Між тым у Беларусі ёсць зоны выключэння, зоны сакрэтнасці і таямніцы. Адна з такіх — жылы комплекс «Усход», які знаходзіцца на беразе Заслаўскага вадасховішча, упрытык з дзяржаўнай рэзідэнцыяй «Заслаўе-1».

Хто будаваў?

«Усход» раскінуўся больш чым на 17 гектарах зямлі. За савецкімі часамі тут знаходзіўся піянерскі лагер, які з цягам часу прыйшоў у заняпад.

Як гэтая зямля дасталася новым гаспадарам? 15 лютага 2008 года была заключаная дамова куплі-продажу сямі гектараў зямлі паміж РУП «Белспецкантракт» і СТАА «УсходБуд».

Што такое «Белспецкантракт»? Гэта арганізацыя, якая распрадае непатрэбныя матэрыяльныя рэсурсы Узброеных сілаў. Напрыклад, на сайце арганізацыі апублікаваныя «прапановы дня»: салдацкая плашч-палатка 1980 года ці нацельныя салдацкія кальсоны 1984 года.

Купец, кампанія «УсходБуд», была створаная за два месяцы да ўгоды. Апроч «Усхода», яна не рэалізоўвала больш ніводнага праекта. Наконт яе заснавальнікаў нічога не паведамлялася, але кампанія была зарэгістраваная па тым самым юрыдычным адрасе, што і «ІтэраБелБуд». А гэта даччыная кампанія расійскай газавай імперыі «Ітэра».

Яе заснавальнік, мільярдэр Ігар Макараў, ад пачатку 1990-х займаўся продажам газу, а пасля і яго здабычай. «Ітэра» шчыльна супрацоўнічала з Беларуссю, нават пабудавала ў Магілёве завод па выпуску пластыкавага посуду. А самога Макарава, які называе Беларусь другой радзімай, Аляксандр Лукашэнка ўзнагародзіў медалём Францыска Скарыны.

Газ прыносіў мільярдэру найбольшыя прыбыткі, і гэтыя грошы ён укладаў у будаўніцтва. Самым амбітным праектам «Ітэры» ў Беларусі меўся стаць «Мінск-Сіці». Расейцы абяцалі ўкласці ў будоўлю дзелавога цэнтра да $30 мільярдаў! Праект быў ухвалены Аляксандрам Лукашэнкам у сярэдзіне 2007 года. Праўда, праз некалькі гадоў ён быў завалены, і з інвестарам развіталіся. Прыкладна тады ж у Расіі «Ітэры» абрэзалі доступ да газу.

Астатнія 10 гектараў зямлі для будаўніцтва жыллёвага комплексу «УсходБуд» атрымаў рашэннем Мінаблвыканкама №559 ад 10 чэрвеня 2009.

«УсходБуд» быў сумесным таварыствам з абмежаванай адказнасцю — значыцца, сярод ягоных уласнікаў былі і беларускія, і замежныя рэзідэнты. Гэта давала права на атрыманне зямлі ў пастаяннае карыстанне. Розніца ў тым, што цалкам замежная кампанія магла б толькі арандаваць участак.

Хто валодае?

Інфармацыя пра першапачатковых заснавальнікаў «УсходБуда», на жаль, адсутнічае. Аднак дакладна вядома, што з цягам часу іх склад змяніўся. Як паведамілі «Нашай Ніве» ў Міністэрстве юстыцыі, у жніўні 2009 года ў іх лік увайшла кампанія з абмежаванай адказнасцю «Дэмілюкс ЛТД». Назва «Дэмілюкс» сустракаецца ў базах дадзеных кампаній Уругвая і Ганконга, аднак такой арганізацыі сярод беларускіх юрыдычных асобаў няма. Фактычна гэта замежны афшорны фонд — кампанія, створаная для таго, каб схаваць імя сапраўдных уласнікаў.

У лютым 2014 года ў спісе ўласнікаў «УсходБуда» з’явіўся новы афшор. Кампанія з абмежаванай адказнасцю «Вінсаймер Холдынгс Лімітэд» унесла ў статутны фонд усяго… $2,2 і атрымала 0,01% долі. Арганізацыі з такой назвай сярод беларускіх юрыдычных асобаў таксама няма. Навошта было ствараць новую кампанію і атрымліваць ад яе такую дробязь? Мы пакуль не знайшлі адказу на гэтае пытанне.

Тады ж «УсходБуд» памяняў назву. Цяпер гэта таварыства з абмежаванай адказнасцю «Усход Проперціз Менеджмент» (словы можна перакласці як «Кіраўніцтва нерухомасцю Усход»). Змянілася і форма ўласнасці — таварыства перастала быць сумесным.

Такім чынам, па стане на сёння зямлю выкарыстоўвае таварыства з абмежаванавай адказнасцю, заснавальнікамі якога з’яўляецца невядомыя замежныя кампаніі.

Што пабудавалі?

Трапіць на тэрыторыю «Усхода» немагчыма. Высачэзны плот з калючым дротам стаіць вакол па ўсім перыметры 17 гектараў зямлі, на ім замацаваныя камеры відэаназірання. Хапае і спосабаў псіхалагічнага ціску. Напрыклад, на плоце развешаныя таблічкі «Забароненая зона. Праход закрыты». Іхняя бессэнсоўнасць відавочная: праз чатырохметровую агароджу без дзвярэй прайсці і так немагчыма, а блукаць па лесе побач з плотам не можа забараніць ніякая вывеска.

На слупах вісіць яшчэ адно незаконнае «абмежаванне»: у лесе каля прыватнай рэзідэнцыі нібыта забаронена фота- і відэаздымка.

Праехаць вакол «Усхода» на аўтамабілі можна, толькі калі праігнараваць некалькі знакаў «Праезд забаронены» і «Уезд забаронены». Заезд у жыллёвы комплекс закрыты шлагбаумам.

Убачыць, што знаходзіцца ўнутры, можна толькі праз спадарожнікавыя здымкі (глядзі карту). У рэспубліканскі рэестр нерухомасці занесенае прызначэнне кожнага з будынкаў — ад жылых катэджаў да сховішча для гародніны. Апроч таго, на фота бачныя некалькі спартыўных палёў (злева направа — тэніснае, баскетбольнае і валейбольнае), а таксама прычал.

Хто жыве?

Дакументальнага адказу на гэтае пытанне няма. Ёсць толькі размовы работнікаў суседніх санаторыяў, якія нават баяцца падысці да сваіх новых нечаканых суседзяў. І запісы на інтэрнэт-форумах ад людзей, што маюць кантакты з тымі, хто працуе там у абслузе.

***

1) Трохпавярховы драўляны дом з падвалам, трыма тэрасамі і чатырма навесамі. Плошча — 1144 м2

2) Трохпавярховы блочны дом з падвалам, трыма тэрасамі і двума навесамі. Плошча — 967 м2

3) Двухпавярховы блочны дом з падвалам, тэрасай і двума навесамі. Плошча — 885 м2

4) Двухпавярховы блочны дом з падвалам і дзвюма тэрасамі. Плошча — 458 м2

5) Двухпавярховы блочны дом з падвалам і чатырма навесамі. Плошча — 642 м2

6) Аднапавярховы драўляны дом з прыбудовай, тэрасай і навесам. Плошча — 145 м2

7) Двухпавярховы гаспадарчы дом з падвалам і двума навесамі. Плошча — 528 м2.

8) Лазня да дома №1 з падвалам, дзвюма тэрасамі і двума навесамі. Плошча — 303 м2.

9) Лазня да дома №2 з дзвюма тэрасамі. Плошча — 71 м2.

10) Лазня да дома №3 з тэрасай і навесам. Плошча — 49 м2.

11) Блочны лазневы комплекс з падвалам і двума навесамі. Плошча — 1875 м2.

12) Двухпавярховы блочны фізкультурна-аздараўленчы комплекс. Плошча — 1717 м2.

13) Гараж. Плошча — 157 м2.

14) Двухпавярховы блочны дом аховы. Плошча — 134 м2.

15) Блочны будынак барбекю на 15 чалавек. Плошча — 85 м2.

16) Сховішча для гародніны.

17) Помпавая станцыя над артэзіянскімі свідравінамі.

 

Апроч таго, на тэрыторыі «Усхода» пабуданыя гараж для спецтэхнікі, будынак барбекю на 6 чалавек, кацельня, супрацьпажарная насосная станцыя, станцыя ачысткі сцёкавых вод.

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?