Анатоль Красуцкі |
Нездавальненне А.Красуцкага выклікаў эфір праграмы «Контуры» ад 2 снежня, удзел у якім бралі дэпутаты Віктар Марахін і Ірына Аляксанава.
«Звяртаючыся да майго калегі Марахіна, вядучы сказаў, што сумеснае пасяджэнне дзвюх палат парламента і ўрада (адбылося 28 лістапада) нагадвала «размову прафесіяналаў з дылетантамі», — сказаў А.Красуцкі. — У сувязі з гэтым Віктару Марахіну прыйшлося растлумачыць на гэтую бестактоўную, дакладней зневажальную, заўвагу, што ў парламенце працуюць не дылетанты».
А.Красуцкі таксама падкрэсліў:
«Зыходзячы са слоў вядучага, атрымліваецца, што губернатары абласцей, кіраўнікі выканаўчай вертыкалі ўлады, дырэктары прадпрыемстваў, якія прызначаны прэзідэнтам і з’яўляюцца парламентарыямі, — гэта дылетанты. Хочацца спытаць, а хто ж тады кіруе краінай?»
Парламентарый таксама раскрытыкаваў працу канала АНТ, заявіўшы, у прыватнасці, што музычнае шоу «Дзве зоркі» «не цягне нават на заводскую самадзейнасць і апускае культуру нашага грамадства ніжэй ніжэйшай мяжы».
А.Красуцкі прапанаваў даручыць пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі даць ацэнку таму, што адбылося, і запатрабаваць «ад кіраўніцтва АНТ абавязаць вядучага прынесці афіцыйныя прабачэнні абедзвюм палатам парламента».