Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей 16—18 верасня наведаў з рабочым візітам аўтаномію Курдыстан Рэспублікі Ірак. 

Як паведамляе прэс-служба МЗС Беларусі, у склад беларускай дэлегацыі ўвайшлі прадстаўнікі міністэрстваў прамысловасці і замежных спраў, дзелавых колаў. Гэта першы візіт беларускай дэлегацыі такога ўзроўню ў Курдыстан. 

Макей сустрэўся з прэзідэнтам аўтаноміі Масудам Барзані. Падчас гутаркі абмеркаваны магчымасці пашырэння партнёрства, аказання Беларуссю падтрымкі Іракскаму Курдыстану ў барацьбе з тэрарыстычнай пагрозай, у тым ліку праз сацыяльна-эканамічнае развіццё рэгіёну. Барзані пацвердзіў прадметную цікавасць аўтаноміі ў пашырэнні партнёрства з Беларуссю ва ўсіх кірунках. 

На сумеснай сустрэчы з прэм'ер-міністрам рэгіянальнага ўрада Іракскага Курдыстана Нечырванам Барзані, віцэ-прэм'ерам Кубадам Талабані, а таксама міністрамі прыродных рэсурсаў Ашці Хаўрамі, вышэйшай адукацыі і навуковых даследаванняў Юсіфам Махамедам абмяркоўваліся канкрэтныя шляхі нарошчвання гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Іракскім Курдыстанам, адзначаецца ў паведамленні. Бакі дамовіліся аб фарміраванні двухбаковай групы па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве, першае пасяджэнне якой будзе праведзена найбліжэйшым часам і прысвечана пытанням рэалізацыі ўзаемавыгадных праектаў у прыярытэтных галінах супрацоўніцтва. Бакі зафіксавалі пісьмова ўсе дасягнутыя дамоўленасці. 

З міністрам прамысловасці і гандлю рэгіянальнага ўрада Самалем Сардарам абмеркаваны пытанні правядзення найбліжэйшым часам бізнес-форуму з удзелам прадстаўнікоў дзелавых колаў Беларусі і Іракскага Курдыстана ў мэтах пошуку партнёраў і ўсталявання доўгатэрміновых камерцыйных адносін. Абмеркаваны магчымасці нарошчвання паставак беларускай тэхнікі на рынак аўтаноміі, рэалізацыі сумесных праектаў у розных галінах. 

На сустрэчы з міністрам сельскай гаспадаркі і водных рэсурсаў Самалем Махмудам былі абмеркаваны пытанні ўзаемадзеяння ў сферы сельскагаспадарчай вытворчасці. Беларускі бок выказаў гатоўнасць падзяліцца вопытам забеспячэння харчовай бяспекі краіны. 

Праведзена сустрэча з губернатарам правінцыі Эрбіль Хаўзадам Хадзі, які пацвердзіў намер сталіцы Іракскага Курдыстана прадоўжыць супрацоўніцтва з Мінскам, а таксама рэалізаваць на практыцы дамоўленасці, якія былі дасягнуты падчас візітаў у Мінск і Эрбіль кіраўніцтва гэтых гарадоў у папярэднія гады, паведамляе прэс-служба. 

Пад эгідай Гандлёва-прамысловай палаты Эрбіля прайшла сустрэча Макея з дзелавымі коламі Іракскага Курдыстана. Праведзена прэзентацыя прадукцыі прадпрыемстваў міністэрства прамысловасці. 

«З іракскага боку была выказана прадметная цікавасць да рэалізацыі з беларускімі партнёрамі праектаў у сферы прамысловасці, сельскай гаспадаркі, турызму, адукацыі. Дасягнута дамоўленасць аб арганізацыі візіту дзелавых колаў Іракскага Курдыстана ў Беларусь», — гаворыцца ў паведамленні. 

У горадзе Дахук беларуская дэлегацыя наведала адзін з самых буйных у Паўночным Іраку лагераў для бежанцаў, якія вымушаны былі пакінуць тэрыторыі, захопленыя баевікамі тэрарыстычнай групоўкі «Ісламская дзяржава». Адбыліся сустрэчы з сем'ямі курдаў-язідаў, размешчаных у лагеры. 

Паводле меркавання беларускага боку, падкрэслівае прэс-служба, маштабы трагедыі патрабуюць удзелу ўсёй міжнароднай супольнасці. Беларусь «мае намер востра ўзняць» гэта пытанне падчас найбліжэйшага пасяджэння Генеральнай асамблеі ААН.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?