Уладзімер Жырыноўскі

Выкладчык Гродзенскага інстытута павышэння кваліфікацыі настаўнікаў Міхаіл Жураўкоў падаў позву ў Басманны суд Масквы супраць дэпутата расійскай Дзярждумы Уладзіміра Жырыноўскага. Гродзенец патрабуе выплаціць кампенсацыю за нанясенне маральнай шкоды ў памеры 10.000 долараў.

Падставай да судовага разбіральніцтва стала фраза Уладзіміра Жырыноўскага , якую ён агучыў на канале НТВ. У лютым гэтага года ў перадачы «Да бар’ера» падчас спрэчкі са сваім апанентам Аляксандрам Праханавым вядомы расійскі палітык назваў беларусаў здраднікамі, якія прадалі Расію немцам.

Гродзенца Міхаіла Жураўкова словы Жырыноўскага абразілі не толькі як грамадзяніна Беларусі, але і як чалавека, бацька якога быў удзельнікам Вялікай айчыннай вайны. Акрамя позвы Міхаіл Жураўкоў напісаў адмысловы ліст на імя спікера Дзярждумы Барыса Грызлова, у якім назваў Уладзіміра Жырыноўскага палітычным клоунам і звычайным хамам.

Сёння выкладчык універсітэта паведаміў «Еўрарадыё»:

«Афіцыйнае прышло прабачэнне ад Жырыноўскага. Яго выклікалі ў камісію па этыцы Дзярждумы. І ён піша, што «глыбока шкадуе, што ў запале сказаў» і г. д. Мне патэлефанавалі, спыталі, ці я задаволены. Я сказаў: «Добра, задаволены». Вядома, за Беларусь крыўдна, калі мая сям’я, усе ваявалі, уся Беларусь лягла, а тут нейкі… будзе заяўляць такія рэчы. Ён можа што заўгодна ляпаць, але не чапай маю краіну!»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0