У чацвер прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка выступіў на сумесным пасяджэнні палат Кангрэса ЗША. Яго з'яўленне было сустрэта доўгімі апладысментамі. Воплескі, авацыі перарывалі яго дзясяткі разоў. «Украінская армія, гэтыя маладыя хлопцы — гэта сёння адзінае, што аддзяляе мірны свет ад жахаў поўнага краху і вяртання ў мінулае стагоддзе», — сказаў Парашэнка. Гаварыў ён на бездакорнай англійскай мове.

Звяртаючыся да амерыканскіх кангрэсменаў, Парашэнка папярэдзіў пра пагрозу, якую ўяўляюць дзеянні Расіі для ўсяго свету, і папрасіў Амерыку не кідаць Украіну ў бядзе.

«Наша нацыя выбрала свабоду і дэмакратыю. Іншая нацыя вырашыла пакараць Украіну за гэтыя крокі. Свет не можа дазволіць такіх паводзінаў», — сказаў Парашэнка.

Ён таксама падзякаваў ЗША за падтрымку, адзначыў важнасць эканамічных санкцый, уведзеных супраць Расіі і папрасіў Амерыку быць «больш напорыстай» у пытанні іх прымянення.

Парашэнка назваў анексію Крыма цынічнай здрадай з боку Расіі.

Паводле яго слоў, анексія Крыма прывяла да глыбокага крызісу бяспекі ў Еўропе.

«Анексію Крыма стала адной з самых цынічных здрадаў у сучаснай гісторыі», — сказаў Парашэнка.

Пры гэтым ён адзначыў, што не бачыць ваеннага рашэння крымскай праблемы.

«Няма умоў, пры якіх мы калі-небудзь змірымся з акупацыяй Крыма … Я не кажу пра ваеннае вырашэнне крымскай праблемы, гэта праблема на многія гады», — сказаў украінскі прэзідэнт.

«Я заклікаю свет процідзейнічаць агрэсару сёння і дзеля будучыні», — заявіў ён.

Парашэнка распавёў кангрэсменам ЗША гісторыю закатаванага крымчаніна Рышата Аметава.

«30 сакавіка, калі толькі пачалася акупацыя Крыма, быў адзін чалавек у Сімферопалі, які зрабіў неверагоднае — Рашат Аметаў, — заявіў Парашэнка і расказаў, што Аметава скралі, а затым знайшлі закатаваным і забітым. — Тое, што ён сказаў, выклікае мурашкі па целе. Ён зрабіў гэта за свабоду, каб дзеці не сутыкаліся з рабствам», — заявіў Парашэнка.

Ён таксама заявіў, што ўкраінская армія мае патрэбу ў пастаўках зброі. «Ім (украінскім вайскоўцам) трэба больш ваеннага абсталявання. Зброі і экіпіроўкі. Яны тэрмінова маюць патрэбу ў гэтым.

Коўдрамі вайны не выйграеш. Коўдрамі міру не абароніш», — заявіў Парашэнка.

Па словах Парашэнкі, за час перамір'я, якое было абвешчана 5 верасня, на ўсходзе краіны загінулі 17 украінскіх вайскоўцаў.

«Свет паўстаў перад страшным крызісам бяспекі. І цяпер мы становімся сведкам новай спробы перадзелу свету. Украіна стаіць у цэнтры гэтай спробы. Вынік сённяшняй вайны вызначыць, ці будзем мы вымушаныя змірыцца з тым, што Еўропа стане страшнай і цёмнай. Цяпер украінская армія, гэтыя маладыя хлопцы — гэта адзінае, што стаіць зараз паміж светам мірнага суіснавання і жахам поўнага краху і вяртання мінулага стагоддзя», — заявіў прэзідэнт.

Ён нагадаў, што «ўкраінскі народ, юнакі і дзяўчаты, цяпер стаяць на фронце за свабоду. Нам патрэбна ваша падтрымка».

«Гаворачы перад Кангрэсам, я хачу падзякаваць кожнаму салдату за яго ахвяру. Свет павінен прызнаць іх барацьбу большай палітычнай падтрымкай, ім трэба больш абсталявання», — заявіў Парашэнка.

«Гэтак жа, як Ізраіль, Украіна мае права абараняць сваю тэрыторыю, і яна будзе рабіць гэта. Я заклікаю Амерыку дапамагчы нам», — дадаў ён.

У пачатку сваёй прамове Парашэнка адзначыў, што складана апісаць, наколькі важная для Украіны падтрымка кангрэса ЗША ў крызіснай сітуацыі, калі насельніцтва яго краіны «змагаецца за дэмакратыю».

Паводле яго слоў, Украіна разлічвае на атрыманне спецыяльнага статусу саюзніка ЗША па-за НАТА.

«Выбар Еўропы і свету — гэта не выбар паміж рознымі відамі цывілізацыі. Гэта выбар паміж цывілізацыяй і варварствам», — заявіў Парашэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0