Прэзідэнт Венесуэлы Нікалас Мадура заявіў аб прыбыцці ў краіну экспертаў у галіне бактэрыялагічнай вайны. Выступаючы ў нядзелю па тэлебачанні, ён зноў выказаў падазрэнні, што «фашысцкая апазіцыя» мела намер выкарыстоўваць нейкі вірус, каб пасеяць паніку сярод насельніцтва.

«Ідзе міжнародная вайна, таварышы і суайчыннікі, мэта якой - паставіць Венесуэлу на калені, аднак зрабіць гэта не ўдасца», — сказаў прэзідэнт. Паводле яго слоў, у Венесуэлу «ўжо прыбылі дактары з усіх канцоў свету, у тым ліку з брацкай Кубы, каб высветліць, што спрабавалі зрабіць у штаце Арагуа фашысцкія правыя сілы».

На мінулым тыдні Мадура заявіў, што падазрае правыя сілы ў спробах «укараніць нейкі вірус у цэнтральную бальніцу горада Маракай, каб пачаць бактэрыялагічную вайну».

Ён адзначыў, што «сярод тых, хто спрабаваў напалохаць народ дзіўным захворваннем, стаяць тыя ж людзі, якія арганізоўвалі беспарадкі ў пачатку года».

Раней губернатар штата Арагуа Тарэк Эль Айсамі абверг інфармацыю аб з'яўленні невядомага смяротнага захворвання, ад якога нібыта памерлі некалькі чалавек, якія знаходзіліся на лячэнні ў цэнтральнай бальніцы горада Маракай.

Губернатар назваў інфармацыйным тэрарызмам паведамленні аб тым, што ў гэтым медыцынскім цэнтры за трое сутак памерлі восем чалавек, у якіх былі аднолькавыя сімптомы: высокая тэмпература, плямы на скуры, якія ператвараюцца ў пухіры, і ўнутраныя кровазліцці.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?