Міжнародныя навуковыя чытанні «Рэгіянальнае, нацыянальнае і агульначалавечае ў славянскіх літаратурах», прысвечаныя памяці народнага пісьменніка Беларусі Івана Навуменкі, пройдуць у Гомелі 25—26 верасня.

Арганізатары мерапрыемства — Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны і мясцовы філіял Нацыянальнай акадэміі навук. 

Як паведамілі на кафедры беларускай літаратуры ГДУ, у канферэнцыі бяруць удзел дзеці народнага пісьменніка, аўтарытэтныя вучоныя з Расіі, Украіны, Польшчы, Чарнагорыі, Германіі. Прафесар Ольдэнбургскага ўніверсітэта Гун-Брыт Колер, якая дасканала валодае беларускай мовай, выступіць на пленарным пасяджэнні з дакладам па-беларуску. 

На пленарных пасяджэннях і ў трох секцыях будуць разгледжаныя актуальныя праблемы спадчыны Івана Навуменкі, яе месца ў сучасным літаратурным працэсе, а таксама ўзаемадзеянне рэгіянальных і агульначалавечых пачаткаў у славянскіх літаратурах і перспектывы літаратуры класічнага тыпу ў эпоху глабалізацыі. 

У рамках канферэнцыі пройдзе чарговая прэзентацыя трэцяга і чацвёртага тамоў з запланаванага дзесяцітомнага збору твораў, якія будуць уручаныя прадстаўнікам бібліятэк горада і вобласці. 

Арганізатары спадзяюцца, што правядзенне навуковых чытанняў будзе спрыяць актывізацыі духоўнага жыцця Гомельскай вобласці і росквіту нацыянальнай культуры. 

Іван Навуменка (1925—2006) нарадзіўся у мястэчку Васілевічы Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці. У гады вайны — удзельнік камсамольскага падполля, партызан, удзельнічаў у баях на Ленінградскім і 1-м Украінскім франтах. Быў загадчыкам аддзела прозы часопіса «Маладосць», загадваў кафедрай беларускай літаратуры БДУ, працаваў дырэктарам Інстытута літаратуры імя Я. Купалы АН БССР, віцэ-прэзідэнтам АН БССР. Старшыня Вярхоўнага Савета БССР (1985—1990). Акадэмік АН БССР, доктар філалагічных навук, прафесар. Член Саюза пісьменнікаў СССР. 

Аўтар кніг апавяданняў, аповесцяў «Сямнаццатай вясной», «Хлопцы-равеснікі», «Верасы на выжарынах», «Бульба», «Водгулле далёкіх вёснаў», раманаў «Сасна пры дарозе», «Вецер у соснах», «Сорак трэці», «Смутак белых начэй» і іншых твораў. 

Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, Чырвонай Зоркі, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Кастрычніцкай Рэвалюцыі, медалём Францыска Скарыны і іншымі медалямі. Заслужаны дзеяч навукі Беларускай ССР. Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі, дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?