За падпал з рэўнасці прысуджаны да пазбаўлення волі 58-гадовы жыхар Баранавічаў.

Як паведаміла БелаПАН старшы пракурор аддзела пракуратуры Брэсцкай вобласці Ларыса Караневіч, днём 8 мая мужчына-пенсіянер пасварыўся з 47-гадовай сужыцелькай, якая пражывае ў яго кватэры. Пасля гэтага яна пайшла ў госці да 72-гадовага суседа, які жыве ў гэтым жа пад'ездзе. Пра што паведаміла свайму сужыцелю.

58-гадовы мужчына, які знаходзіўся ў стане алкагольнага ап'янення, прыраўнаваў жанчыну да састарэлага пенсіянера. Спачатку раўнівец прынёс кветкі, якія ў гэты дзень падарыў сужыцельцы, і пакінуў іх у металічных дзвярах кватэры пажылога суседа. Праз некалькі гадзін прынёс туды абклееную шпалерамі фанеру, абліў яе гаручай вадкасцю і падпаліў. Пасля чаго схаваўся.

Гаспадар кватэры і яго госця, адчуўшы дым, сталі знутры заліваць вадой дзверы, астуджаючы іх. Выйсці з кватэры яны не маглі, бо замок расплавіўся.

У выніку падпалу дзверы сапсаваліся. Мужчына і жанчына, якія знаходзіліся ў кватэры, не пацярпелі.

8 жніўня суд Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы прызнаў 58-гадовага мужчыну вінаватым у знішчэнні маёмасці, здзейсненым агульнанебяспечным спосабам (ч. 2 арт. 218 КК) і прыгаварыў да трох гадоў пазбаўлення волі з адбыццём пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. З яго спагнаная прычыненая суседу шкоду ў памеры 2,4 млн. рублёў.

Па рашэнні суда абвінавачанаму прызначана прымусовае лячэнне ад хранічнага алкагалізму.

23 верасня судовая калегія па крымінальных справах Брэсцкага абласнога суда пакінула прысуд без змены, і ён уступіў у законную сілу.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?