Суд Еўрасаюза ў Люксембургу адхіліў пазоў намесніка старшыні Цэнтрвыбаркама Беларусі Вадзіма Іпатава аб выключэнні яго з санкцыйнага спісу ЕС. Такое рашэнне было прынята 23 верасня, паведамляецца на афіцыйным сайце суда Еўрасаюза. 

Як адзначаецца ў матэрыялах справы, Савет ЕС уключыў Іпатава ў санкцыйны спіс на падставе таго, што, як намеснік кіраўніка ЦВК, ён «нясе адказнасць за парушэнні міжнародных выбарчых стандартаў падчас прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года». 

Паводле меркавання суда, пры ўключэнні Іпатава ў санкцыйны спіс яго правы на абарону парушаны не былі, а Савет ЕС прывёў дастаткова доказаў абгрунтаванасці ўключэння Іпатава ў чорны спіс. 

Варта адзначыць, што сёння ж суд ЕС пастанавіў выключыць з санкцыйнага спісу беларускага журналіста, супрацоўніка ОНТ Аляксея Міхальчанку. У рашэнні суда сказана, што пры прадаўжэнні дзеяння санкцый у дачыненні да Міхальчанкі ў 2012 годзе Савет ЕС парушыў права журналіста на абарону, бо змяніў фармулёўкі прычын унясення яго ў санкцыйны спіс, але не апавясціў яго пра гэта. 

Акрамя таго, адзначаецца ў рашэнні суда, прадстаўленыя Саветам ЕС дакументы не пацвярджаюць, што Міхальчанка з'яўляўся настолькі ўплывовым журналістам у беларускіх СМІ, што мог бы несці нейкую адказнасць за фальсіфікацыі на выбарах ці рэпрэсіі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?