Reuters.com
Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін у лісце да свайго ўкраінскага калегі Пятра Парашэнкі папярэдзіў, што ў выпадку рэалізацыі гандлёвага пагаднення з Еўрапейскім саюзам Масква закрые Кіеву доступ да свайго рынку.
Пра гэта паведамляе Reuters са спасылкай на ліст Пуціна ад 17 верасня.
Паводле агенцтва, расійскі лідар напісаў, што нават змены ў заканадаўства для падрыхтоўкі да пагаднення аб асацыяваным членстве Украіны ў ЕС выклікае неадкладны адказ Масквы.
«Мы па-ранейшаму лічым, што толькі сістэмныя карэкціроўкі Пагаднення аб асацыяцыі, якія прымаюць пад увагу ўвесь спектр рызык для расійска-ўкраінскіх эканамічных сувязяў і ў цэлым для расійскай эканомікі, дазволяць захаваць існуючае гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва паміж Расійскай Федэрацыяй і Украінай»,— цытуе Reuters ліст Пуціна.
Прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў у гутарцы з РБК не пацвердзіў, але і не абвергнуў наяўнасць такога ліста.
На мінулым тыдні парламенты Еўрасаюза і Украіны ратыфікавалі пагадненне аб асацыяцыі і свабодным гандлі.
Напярэдадні ўрад Расіі заявіў, што ўвядзе пошліны на прадукты з Украіны праз дзесяць дзён пасля імплементацыі яе дамовы з ЕС.
Раней прэм'ер-міністр Дзмітрый Мядзведзеў паведаміў, што падпісаў пастанову аб ўвядзенні пошлін для тавараў з Украіны. Яна ўступіць у сілу, калі Кіеў пачне ўжываць эканамічныя артыкулы пагаднення аб інтэграцыі з ЕС раней за ўстаноўлены тэрмін (1 студзеня 2016).





