Затрыманая ў Непале беларуска Вольга Каптур 24 верасня вылецела на радзіму, паведамілі ў прэс-службе МЗС Беларусі. 

«Дзякуючы сумесным дзеянням пасольства Беларусі ў Індыі і ганаровага консула Непала ў Рэспубліцы Беларусь у кароткія тэрміны было вырашана пытанне па вызваленні беларускай грамадзянкі. Паводле рашэння суда яна аштрафавана за парушэнне міграцыйнага заканадаўства і за знаходжанне на тэрыторыі Непала без сапраўднай візы. Пасля выплаты ўсіх штрафаў беларуская грамадзянка вечарам 24 верасня вылецела ў Беларусь», — паведамілі ў МЗС. 

Раней паведамлялася, што 25-гадовая Вольга Каптур з Жодзіна прыехала ў Непал у якасці валанцёра і выкладчыка англійскай мовы для сацыяльна-адукацыйнага праекта Schoolfornepal. 14 верасня яна планавала вылецець у Кітай, аднак была затрымана ў аэрапорце Катманду і змешчана ў турму. 

Прычынай затрымання сталі дакументы дзяўчыны: яна самастойна выправіла даты дзеяння сваёй візы, што прыцягнула ўвагу пагранічнікаў. На такую незаконную працэдуру, як паведамляецца, Каптур пайшла з-за таго, што сезон дажджоў і блакаваная дарога перашкодзілі ёй пакінуць краіну ва ўстаноўлены тэрмін.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?