Расіяне забяспечваюць амаль 70% даходаў Беларусі ад турызму. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам намеснік міністра спорту і турызму Часлаў Шульга.

«У гэтым годзе павялічылася колькасць турыстаў з Расіі, істотна вырас прыток са Смаленска, Бранска, Пскова. Прычым расійскія турысты сталі больш траціць на адпачынак. Амаль 70% ад агульнага экспарту турпаслуг мы атрымалі за кошт расійскіх турыстаў», — расказаў Часлаў Шульга. У цэлым экспарт турпаслуг за студзень-ліпень 2014 года склаў $149,2 млн, што на 12,3% больш, чым за аналагічны перыяд 2013 года.

Расіяне ў гэтым годзе сталі часцей прыязджаць у Беларусь па экскурсійных праграмах. Самымі запатрабаванымі з'яўляюцца туры ў Мір, Нясвіж і Полацк. Папулярнасць таксама набываюць падарожжы па зялёных маршрутах і адпачынак у кемпінгах.

Пры гэтым Часлаў Шульга падкрэсліў, што колькасць турыстаў павялічвалася не толькі за кошт расіян. «У гэтым годзе ў цэлым павялічылася колькасць людзей, якія адпачывалі ў нашай краіне. На гэта паўплывала ў тым ліку і сітуацыя ва Украіне. Усе месцы для адпачынку, у тым ліку ў аграсядзібах, кемпінгах, былі запоўнены», — сказаў ён.

Паводле даных Мінспорту і турызму, за студзень-ліпень гэтага года амаль 67% турыстаў прыехалі ў Беларусь з краін СНД, з іх амаль 62% — грамадзяне Расіі. На другім месцы па ўязным турызме знаходзіцца Вялікабрытанія (6,3% падарожнікаў), трэці радок займае Германія (5,8%). Папулярная Беларусь таксама ў турыстаў з Турцыі, Італіі, Польшчы. Часлаў Шульга лічыць, што Беларусі ў першую чаргу трэба павялічваць колькасць турыстаў з суседніх краін. «У гэтым плане мы пакуль недапрацоўваем», — сказаў намеснік міністра.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?