kommersant.ru
У Маскве ў Доме музыкі невядомыя сёння, 25 верасня, сарвалі канцэрт Андрэя Макарэвіча.
Пра гэта відавочца Аліна Купервасер паведаміла ў эфіры Дождя.
«Шчыра кажучы, гэта ганьба і непрыемна. Мы былі ў зале, і недзе на 38-й хвіліне выступу дзесьці чвэрць першага шэрагу ў так званай віп-зоне ўстала чалавек пяць-шэсць мужчын, такіх немаладых, я думаю, гадоў 25-30.
З крыкамі «Макарэвіч — здраднік, прадаў радзіму» і ўсякімі словамі пра ганьбу яны раскідалі шмат аркушоў А4 белых нібыта», — распавяла яна.
Па словах Купервасер, пасля гэтага Макарэвіч сказаў: «Дзякуй, калі вы скончылі, дазвольце, я працягну канцэрт», і гледачы сталі апладзіраваць, падтрымліваючы яго.
Мужчыны, якія спрабавалі сарваць выступ, былі нейтралізаваныя аховай.
Аднак потым людзі, кашляючы, пачалі пакідаць першыя шэрагі, і стала ясна, што невядомыя распырскалі па зале пярцовы спрэй.
У выніку Макарэвіч і яго гурт, як і ўсе астатнія гледачы, таксама былі вымушаныя пакінуць залу.
Пазней адказнасць за акцыю ўзялі на сябе актывісты партыі «Другая Россия».
Андрэй Макарэвіч неаднаразова рэзка выказваўся наконт падзей ва Украіне і Крыме.
У прыватнасці, ён выступаў з асуджэннем расійскіх уладаў і падтрымліваў Майдан. У жніўні 2014 па запрашэнні прэзідэнта Фонду валанцёраў Украіны Цімафея Нагорнага ён паехаў гастраляваць у Данбас.
У Расіі некалькі канцэртаў Макарэвіча адменена па надуманых («тэхнічных») прычынах, а ў Дзярждуме прапанавалі пазбавіць музыканта ўсіх ганаровых званняў і ордэна «За заслугі перад Айчынай».
Дарэчы, 3 кастрычніка Андрэй Макарэвіч выступіць у Мінску, у Палацы спорту.





