Штотыдзень карэктарка «Нашай Нівы» запісвае тыповыя памылкі, якія яна выпраўляла ў артыкулах рэпарцёраў і пазаштатных аўтараў. Штосерады гэтую падборку яна рассылае супрацоўнікам.
Такім чынам мы стараемся ўзняць культуру мовы.
Праблема ў тым, што са школы і ўнівера людзі выходзяць з нетрывалымі ведамі беларускай. Да таго ж, дамінацыя расейскай мовы ў гарадскім асяроддзі, на радыё і ТВ блытае людзей. Даводзіцца ўвесь час нагадваць правілы.
Мы падумалі, што гэтыя памылкі могуць быць цікавыя і чытачам, якія вучаць мову ці любяць мову. Гэта ж тыповыя выпадкі.
Форма тлумачэння — мінімалістычная.
Па-беларуску злОдзей, але ў множным ліку зладзЕі.
Позва – рас. повестка;
пазоў – рас. іск.
Пад ІванавАм, а не пад Іванавым.
АбсЕк, перасЕк, а не абсёк, перасёк
Торг і гандаль — гэта словы з розным значэннем у беларускай мове. Гандаль — гэта тое, што па-англійску trade (камерцыя), а торг — bargaining (абмеркаванне цаны, спрэчка за цану). На рынку торг магчымы. Але: сфера гандлю, закон аб гандлі. Гэта па-расейску тут адзін корань. Не русіфікуйце беларускай мовы…
ЛесУ, паркУ — у родным склоне маюць канчатак -у;
паўфіналУ, фіналУ — у родным склоне маюць канчатак -у;
спортУ і турызмУ — у родным склоне маюць канчатак -у;
У агародзе расце гародніна;
ПольШЧа;
банЕр;
марка аўтамабіля «Поршэ» (націск на першы склад);
ліцевой нерв – нерв твару;
светлавы год (адзінка вымярэння).
Словы з першай часткай фота-, мота- пішуцца нязменна, але ў гэтай групе ёсць словы-выключэнні: фатаграфія (і ўсе вытворныя ад яго) і матацыкл (і ўсе вытворныя ад яго). Таму пішам фатаграфавацца, фатограф, матацыкліст, але фотаздымак, мотакрос.
Страціць прытомнасць (а не згубіць);
АМАП – амапаўцы (калі ўтвараем слова ад абрэвіятуры пры дапамозе суфікса, то малымі літарамі прапісваем слова);
вЯлізны (першы склада перад націскам) – вЕлізарны (не першы склад перад націскам);
шэсцьдзЯсят;
Форма «промні» ўжываецца пераважна ў паэтычным, метафарычным стылі, калі ж у нейтральным значэнні – «прамяні».
Кватэра-палутарка — можна яшчэ сказаць кватэра-паўтарачка.





