Кіраўнік расійскага «Газпрома» Аляксей Мілер папярэдзіў пра магчымыя перабоі з пастаўкамі газу ў Еўропу праз тэрыторыю Украіны зімой.

Паводле яго слоў, гэта звязана з тым, што Украіна запампавала занадта мала паліва ў сховішчы.

Мілер мяркуе, што Украіне для бесперабойнай работы ў асенне-зімовы перыяд не хапае 7,5 млрд кубаметраў газу.

«Украіна ў поўным аб'ёме не закачала газ у падземныя сховішчы. Для бесперабойнага праходжання Украіне зімой неабходна на пачатак ацяпляльнага сезона мець 18 млрд кубаметраў актыўнага газу. Гэтага газу ў падземках няма», — сказаў ён.

У каментары расійскаму тэлеканалу «Расія-24» кіраўнік «Газпрома» таксама заявіў, што Расія і Украіна, як і раней, разыходзяцца адносна таго, як і калі павінны паступіць плацяжы за расійскі газ, нягледзячы на пэўны прагрэс у перамовах напярэдадні.

У пятніцу на газавых перамовах у фармаце ЕС — Расія — Украіна ў Берліне бакі дамовіліся, што Украіна павінна выплаціць «Газпрому» даўгі, а таксама можа закупіць 5 млрд кубоў расійскага газу па цане 385 даляраў за тысячу кубаметраў.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?