28 верасня ў Мінск з Барысава ў другой палове дня будзе дастаўлены каўчэг з часцінкай мошчаў свяціцеля Лукі Война-Ясянецкага, архіепіскапа Сімферопальскага і Крымскага. 

Архіепіскап Лука — урач-хірург і вучоны з сусветным імем. За сваё жыццё (1877—1961) выратаваў велізарную колькасць безнадзейных хворых. Атрымаў дыплом з адзнакай, але замест кар'еры вучонага аддаў перавагу пасадзе «мужыцкага лекара» — земскага ўрача. Часам, не маючы пад рукой інструментаў, выкарыстоўваў сцізорык, гусінае пяро, слясарныя шчыпцы, а замест нітак — жаночыя валасы. На шматлікіх абразах, асабліва грэчаскіх, свяціцель Лука намаляваны з хірургічнымі інструментамі ў руках. Ён выступіў аўтарам шматлікіх навуковых работ і 12 тамоў пропаведзяў. 

Доступ вернікаў да мошчаў свяціцеля Лукі будзе арганізаваны штодня з 8.00 да 22.00 з 29 верасня па 14 кастрычніка ўключна. 

Паводле слоў настаяцеля мінскага праваслаўнага прыходу храма-помніка ў гонар Усіх Святых протаіерэя Фёдара Поўнага, «гэта мерапрыемства не проста магчымасць паломніцтва да мошчаў». «Для нас важна, каб людзі ўбачылі і дакрануліся да разумення хрэснага подзвігу і вобраза амаль нашага сучасніка», — заявіў протаіерэй журналістам. 

Пры гэтым ён адзначыў: «Мы ўлічылі вопыт ранейшых масавых мерапрыемстваў, калі быў каўчэг з Дарункамі вешчуноў і каўчэг з часцінкай мошчаў святога апостала Андрэя Першазванага, і паспрабавалі мінімізаваць верагоднасць працяглага стаяння людзей у чарзе». 

Каўчэг з мошчамі прыбыў у Беларусь у рамках міжнароднага праекта «Дні свяціцеля Лукі». Звычайна ён знаходзіцца ў Свята-Траецкім жаночым манастыры Сімферопаля.

У сувязі з прыбыццём святыні і чаканым наплывам паломнікаў з 16.00 28 верасня па 14 кастрычніка тэрыторыя каля Дома міласэрнасці (вул. Тураўскага, а таксама адрэзак ад вул. Скарыны да пр. Незалежнасці) будзе закрытая для руху і паркоўкі транспартных сродкаў, паведаміла сталічная ДАІ. 

Дзяржаўтаінспекцыя рэкамендуе жыхарам Мінска скарыстацца паслугамі грамадскага транспарту. Самы зручны варыянт — дабрацца да станцыі метро «Усход».

Зрабіць гэта можна як наземным транспартам (аўтобусы, тралейбусы, маршрутныя таксі), так і на метро. Колькасць складу на маршрутах у гэтым напрамку ва ўказаны перыяд будзе павялічана для выгады пасажыраў. Для гасцей сталіцы, якія прыбылі на асабістым транспарце, рэкамендавана выкарыстоўваць стаянку, размешчаную па вул. Язмінавай у раёне Нацыянальнай бібліятэкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?