Сёння, у панядзелак, тысячы прыхільнікаў дэмакратыі зноў уступілі ў сутыкненні з паліцыяй, якая спрабавала спыніць дэманстрантаў слёзацечным газам.

Удзельнікі пратэстаў незадаволеныя тым, што ўлады Кітая хочуць самі адсяваць кандыдатаў на выбарах 2017 у Ганконгу.

Яны праігнаравалі папярэджанні паліцыі, што дэманстрацыя з'яўляецца незаконнай, і яе ўдзельнікі павінны разысціся.

Улады, у сваю чаргу, паспяшаліся абвергнуць чуткі пра тое, што яны могуць задзейнічаць войскі, але працягваюць настойваць на тым, што паліцыя працягне рабіць захады па навядзенні парадку ў інтарэсах грамадскай бяспекі і бесперабойнага руху транспарту.

У абарону свабоды і дэмакратыі

Тысячы ўдзельнікаў пратэстаў сабраліся ноччу каля ўрадавага комплексу, нягледзячы на патрабаванні паліцыі разысціся. У многіх месцах паўсталі стыхійныя барыкады.

Гэта пытанне жыцця і смерці, калі паўстане пагроза іх жыццю, яны павінны адступіць», — заявіў адзін з стваральнікаў гурту «Акупай Сентрал» прафесар Чан Кінман.

Менавіта гэтая група згуртавала вакол сябе пратэстны рух студэнтаў і стала ініцыятарам кампаніі масавага непадпарадкавання, якая павінна пачацца ў сераду.

Між тым у нядзелю паліцыя арыштавала 78 чалавек па абвінавачванні ў «сілавым пранікненні ва ўрадавыя ўстановы, незаконных сходах, стварэнні беспарадкаў у грамадскіх месцах, нападах на прадстаўнікоў уладаў і стварэнні перашкод афіцэрам паліцыі пры выкананні імі службовых абавязкаў».

Раней у суботу было арыштавана яшчэ 70 чалавек, частка з якіх неўзабаве была адпушчаная.

Нягледзячы на тое, што ў Ганконгу размешчаны гарнізон Народна-вызваленчай арміі Кітая, улады выказалі ўпэўненасць, што адміністрацыя анклава самастойна справіцца з сітуацыяй.

Прадстаўнік упраўлення па справах Ганконга і Макао заявіў, што Пекін «катэгарычна пярэчыць супраць любых незаконных дзеянняў, якія парушаюць правапарадак і ставяць пад пагрозу грамадскі спакой, і ўсяляк падтрымлівае ўрад Ганконга».

Тым не менш, эксперты мяркуюць, што камуністычныя ўлады Кітая устрывожаныя тым, што заклікі да дэмакратыі могуць быць падтрыманыя і на мацерыковай частцы краіны.

Вялікабрытанія вярнула Ганконг Кітаю ў 1997 годзе на ўмове захавання формулы «адна краіна, дзве сістэмы», якая гарантуе ў Ганконгу захаванне свабоды і правы на пратэсты, якіх пазбаўленыя жыхары мацерыковага Кітая.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?