У адной з дзіцячых дашкольных устаноў Ленінскага раёна Гродна 26 верасня раптам памерла 3-гадовае дзіця. Пра гэта паведамляе сайт izgrodno.com.
Паводле інфармацыі рэсурсу, выхавальнік пачала будзіць дзяцей пасля ціхай гадзіны і адно дзіця не прачнулася.
Выклікалі хуткую дапамогу, у медпункце неадкладна пачалі праводзіць рэанімацыйныя мерапрыемствы. Нягледзячы на хуткае прыбыццё дактароў, выратаваць дзіця не ўдалося. Да позняга вечара ў садку працавалі прадстаўнікі міліцыі і Следчага камітэта.
Папярэдні дыягназ — «сіндром дзіцячай раптоўнай смерці».
Факт смерці малалетняга дзіцяці ў дзіцячым садзе пацвердзілі ва УСК па Гродзенскай вобласці.
Следчымі ў ходзе агляду бачных цялесных пашкоджанняў на целе дзяўчынкі выяўлена не было, перадае БелаПАН.
Для ўстанаўлення прычыны смерці прызначана судова-медыцынская экспертыза, выкананне якой арганізавана абласным упраўленнем Дзяржкамітэта судовых экспертыз.
Следчымі канфіскавана і вывучаецца дакументацыя, якая рэгламентуе ўнутраны распарадак дзіцячай дашкольнай установы. Праводзяцца апытанні работнікаў ясляў-сада і сваякоў дзяўчынкі, іншыя следчыя дзеянні. Паводле папярэдніх дадзеных, напярэдадні смерці дзіця паводзіла сябе натуральным чынам, скаргаў на стан здароўя не выказвала.





