На міжнароднай выставе «Інатранс-2014», што праходзіць сёлета ў Берліне, швейцарская кампанія Stadler Rail Group прэзентавала адну са сваіх апошніх інавацыйных распрацовак — доследны ўзор нізкападлогавага гарадскога трамвая, прызначанага для шырокай каляіны. 

Мадэль называецца «Мяцеліца». Трамвай распрацаваны і будзе вырабляцца на нядаўна створаным даччыным прадпрыемстве кампаніі ААТ «Штадлер Мінск». Новая мадэль даступная ў аднакабінным і двухкабінным варыянтах і прызначаная для эксплуатацыі перш за ўсё ў краінах СНД.

Трохвагонны трамвай з нізкай падлогай вызначаецца вялікай пасажыраўмяшчальнасцю і падыходзіць для хуткасных маршрутаў як у горадзе, так і на рэгіянальных лініях. Варыянт з адной кабінай для вагонаважатага ўмяшчае 70, а з дзвюма — 60 месцаў для сядзення. Максімальная хуткасць, якую развіваюць абедзве мадыфікацыі, складае 75 км/гадз. 

«Мяцеліца» абсталяваная сістэмай відэа- і аўдыяінфармавання пасажыраў, а таксама відэаназіраннем, сучаснай высокапрадукцыйнай сістэмай паветранага кандыцыянавання і ацяплення. Мае асобныя зоны для інвалідных крэслаў, веласіпедаў і дзіцячых калясак. Зона для інваліднага крэсла апцыянальна абсталёўваецца рэменем бяспекі і сувяззю з вагонаважатым, а пасадка і высадка з трамвая ў такім выпадку ажыццяўляецца за кошт ручных адкідных уваходных трапаў.

Канструкцыя кабіны вадзіцеля адпавядае патрабаванням бяспекі стандарту EN 15227, што змяншае пашкоджанні ў выпадку сутыкнення. Цялежкі забяспечваюць плаўнасць ходу, а таксама засцярогу ад сходу з рэяк на чыгуначных пуцях нізкай якасці.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?