1 кастрычніка Польшча часова спыняе пропуск пешаходаў праз польска-беларускія памежныя пераходы, паведамляе сайт Падляскага аддзялення Памежнай варты Польшчы podlaski.strazgraniczna.pl.

«У адпаведнасці з рашэннем беларускіх уладаў, з 1 кастрычніка 2014 года будзе спынены рух пешаходаў на дарожных кантрольна-прапускных пунктах, размешчаных на польска-беларускай мяжы, якія не маюць асобных палос руху для пешаходаў, — адзначаецца ў паведамленні. — Беларусы заяўляюць, што спыненне пешаходнага руху з'яўляецца часовым і працягнецца да абсталявання памежных пераходаў на беларускім баку неабходнай інфраструктурай для кантролю асоб, якія перасякаюць мяжу пешшу».

У сваю чаргу польскі бок спыняе пропуск пешаходаў праз памежпераходы «Кузніца — Брузгі», «Баброўнікі — Бераставіца», «Палоўца — Пясчатка».

Нагадаем, раней Дзяржаўны памежкамітэт Беларусі аб'явіў, што 1 кастрычніка часова спыняецца пешаходны рух у аўтадарожных пунктах пропуску на мяжы Беларусі з Латвіяй, Літвой і Польшчай. Гэтае рашэнне абумоўленае адсутнасцю ў беларускіх пунктах пропуску неабходнай інфраструктуры для пешаходнага руху — асобных пешаходных калідораў, асобных тэрміналаў мытнага і памежнага афармлення.

Паводле слоў прэс-сакратара ДПК Аляксандра Цішчанкі, прымаючы да ўвагі існыя праблемы бяспекі грамадзян, якія перасякаюць мяжу пешшу, і аб'ектыўную немагчымасць у наяўных умовах аператыўна абслугоўваць аб'ёмы пешаходнага руху, беларускі бок вымушаны часова спыніць распачаты летась эксперымент да завяршэння Дзяржаўным мытным камітэтам Беларусі мерапрыемстваў па ўдасканальванні інфраструктуры пунктаў пропуску з улікам інтарэсаў пешаходнага руху.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?