Падатковы манеўр Расіі прывядзе да значных фінансавых страт для Беларусі, заявіў Аляксандр Лукашэнка 29 верасня на сустрэчы з членамі Савета Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

«Мы адправілі групу спецыялістаў на чале з Уладзімірам Сямашкам (першы віцэ-прэм'ер урада Беларусі), які вядзе перамовы на гэту тэму. Калі такі крок будзе зроблены з боку Расійскай Федэрацыі, гэта стане вельмі вялікай праблемай у функцыянаванні цяперашняга Саюза. Па-першае, таму, што мы дамаўляліся аб іншым. Па-другое, калі праводзяцца нейкія дзеянні ў адным кірунку, значыць, трэба, каб у іншым была кампенсацыя. Гэта немалыя грошы, якія ні ў якім разе нельга губляць», — прыводзіць словы Лукашэнкі прэс-служба прэзідэнта. 

«Калі нас пачыюць папракаць, тады давайце так: мы задумалі Мытны саюз, затым Еўразійскі саюз — давайце яго пабудуем на класічных прынцыпах. Дзесьці мы губляем, дзесьці Расія, Казахстан. Але такая арганізацыя наогул класічна не церпіць ніякіх выключэнняў і абмежаванняў, — зазначыў Лукашэнка. — Зразумела — камусьці нявыгадна. Многае камусьці нявыгадна. Але мы дамаўляліся, і гэтыя дамоўленасці трэба выконваць. Гэта наша пазіцыя».

Як паведамлялася раней, у Дзяржуму Расіі паступіў законапраект аб унясенні змяненняў у Падатковы кодэкс, які прадугледжвае правядзенне гэтак званага падатковага манеўру ў нафтавай галіне (рэзкае зніжэнне экспартных пошлін на нафту і нафтапрадукты і адначасова з гэтым значнае павышэнне падатку на здабычу карысных выкапняў). 

Беларускія НПЗ мяркуюць, што падатковы манеўр можа прывесці да істотнага росту ўваходнай цаны для Беларусі на расійскую нафту. Як зазначалася ў верасні падчас пасяджэння адміністрацыі і прафкама ААТ «Нафтан», цяпер беларускі ўрад вядзе перамовы з Расіяй для змякчэння наступстваў згаданага манеўру для Беларусі. 

Расійскія эксперты звяртаюць увагу на тое, што рост цэн на нафту, звязаны з падатковым манеўрам, можа прывесці да падаражэння нафтапрадуктаў для спажыўцоў. Разам з тым урад Расіі на мінулым тыдні паведаміў, што для недапушчэння рэзкага росту цэн на паліва расійскі бюджэт на 2015 год прадугледжвае значнае зніжэнне акцызаў на нафтапрадукты. 

Разам з тым урад Беларусі пры планаванні бюджэту на 2015 год, наадварот, закладваў павелічэнне акцызаў на нафтапрадукты.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?