У Брэсце 29 верасня аўтамабіліст дапамог затрымаць п'янага кіроўцу.

Як паведаміла начальнік аддзялення па агітацыі і прапагандзе ДАІ УУС Брэсцкага аблвыканкама Наталля Сахарчук, у 19.15 35-гадовы жыхар Брэсцкага раёна, які рухаўся па вуліцы Гаўрылава на «Пежо», звярнуў увагу на дзіўныя манеўры аўтамабіля «Хонда», што ехаў наперадзе яго. Мужчына пачаў пераследаваць «Хонду» і паведаміў у дзяжурную часць ДАІ, што, магчыма, яе кіроўца знаходзіцца ў стане алкагольнага ап'янення. 

У двары аднаго з дамоў па вуліцы Маскоўскай супрацоўнік дарожна-патрульнай службы ДАІ перакрыў службовым аўтамабілем рух «Хондзе» і запатрабаваў, каб кіроўца выйшаў з транспартнага сродку. Той, пакінуўшы салон, пачаў адштурхваць супрацоўніка Дзяржаўтаінспекцыі. Затрымаць кіроўцу дапамог аўтамабіліст, які рухаўся за ім. 44-гадовага брэстаўчаніна, які кіраваў «Хондай», даставілі на медыцынскі агляд, дзе выявілі 1,5 праміле канцэнтрацыі алкаголю ў парах выдыханага паветра. 

У дачыненні да парушальніка складзеныя адміністрацыйныя пратаколы за кіраванне транспартным сродкам у стане алкагольнага ап'янення і за непадпарадкаванне законнаму патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў. 

Як адзначыла Сахарчук, з пачатку года ў Брэсцкай вобласці гэта 15-ты выпадак, калі грамадзяне дапамагаюць супрацоўнікам ДАІ выяўляць і прадухіляць факты кіравання ў нецвярозым выглядзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?